§ 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ

Найбольш яркім прыкладам развіцця апустыньвання з прычыны неспрыяльнага спалучэння натуральных і сацыяльна-эканамічных фактараў з’яўляецца раён Сахеля. Тут колькасць насельніцтва і жывёлы значна перавысіла патэнцыйную ёмістасць гэтай тэрыторыі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Сахель (на арабскай — бераг, ускраіна) — пераходная зона шырынёй да 400 км, якая распасціраецца на поўдзень ад пустыні Сахара да саван Заходняй Афрыкі. У 1968 г. там пачалася шматгадовая засуха, якая працягвалася 20 гадоў. Гэта прывяло да зніжэння прадуктыўнасці палёў і пашаў, высыхання калодзежаў, памяншэння рачнога сцёку, падзення ўзроўню возера Чад і іншых катастрафічных наступстваў. Падчас засухі загінула ад голаду больш за 250 тыс. жыхароў і 40 % жывёлы. У Малі і Маўрытаніі загінула больш за 90 % жывёлы. У 1980-я гг. бедствы і наступствы засухі і апустыньвання набылі ў Афрыцы катастрафічныя маштабы. Вынікі гэтых працэсаў адчуваюць 34 афрыканскія краіны і 150 млн чал.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце краіны, якія ўваходзяць у зону Сахеля.

img
Мал. 78-1. Дэградацыя зямель у зоне Сахеля

У Сахелі з поўначы на поўдзень рэзка змяняюцца гідракліматычныя паказчыкі і асноўныя тыпы гаспадаркі. З поўначы на поўдзень павялічваюцца ападкі, зніжаецца іх зменлівасць год ад года, павялічваецца працягласць вільготнага сезона, паляпшаецца водны баланс у перыяд сезона дажджоў. Адпаведна, доля земляробства ў сельскай гаспадарцы на поўдзень павялічваецца, а жывёлагадоўлі — скарачаецца. Дзякуючы кліматычным умовам пры перамяшчэнні на поўдзень павялічваецца біялагічная прадукцыйнасць тэрыторыі і шчыльнасць насельніцтва. Пры гэтым усюды колькасць насельніцтва перавышае патэнцыйную ёмістасць тэрыторыі. Асабліва складаная сітуацыя назіраецца ў зоне няўстойлівага земляробства з ападкамі 400–600 мм на год. Тут высокая шчыльнасць насельніцтва спалучаецца з канфліктнымі інтарэсамі жывёлагадоўлі і земляробства. Гэта выклікае ўзмацненне апустыньвання (мал. 78-1).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Прадукцыйнасць пашы ў Сахелі ў 1,5–10 разоў вышэйшая, чым у сучасных гаспадарках ЗША ці Аўстраліі. Сельскагаспадарчыя жывёлы ў Сахелі ядуць усю расліннасць: каровы — траву, авечкі — хмызняк, козы — галіны дрэў. Да таго ж там на 1 км2прыходзіцца 10 пастухоў, а ў сучасных гаспадарках ЗША — адзін пастух на 100 км2.

Для барацьбы з апустыньваннем і наступленнем Сахары ААН прыняла рашэнне аб стварэнні «Вялікай зялёнай сцяны». Яе даўжыня павінна скласці каля 7 тыс. км і выцягнуцца ад Сенегала ў Заходняй Афрыцы да Джыбуці ва Усходняй. Яна пакрые 780 млн га засушлівых і паўзасушлівых зямель паміж Сахелем і Сахарай. Адобраны Афрыканскім саюзам у 2007 г. праект «Вялікая зялёная сцяна для Сахары і Сахельская ініцыятыва» аб’ядноўвае больш за 20 афрыканскіх краін з міжнароднымі арганізацыямі, даследчымі інстытутамі і грамадскімі арганізацыямі. Прычынай яго распрацоўкі з’яўляюцца катастрафічныя прагнозы, паводле якіх, калі не змагацца з апустыньваннем, да 2025 г. будзе страчана 2/3 ворных зямель афрыканскага кантынента (50 млн га). Гэта прывядзе да вымушанай міграцыі 60 млн афрыканцаў, палітычнай нестабільнасці, голаду і масавай галечы на кантыненце.