§ 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ

Апустыньванне абумоўлена дзейнасцю чалавека і натуральнай зменай увільготненасці тэрыторыі за кошт памяншэння колькасці ападкаў і ўзмацнення выпарэння. Яно прыводзіць да спусташэння наземных экасістэм (памяншэння біямасы, прадукцыйнасці, відавой разнастайнасці).

icon Апустыньванне — пашырэнне плошчы пустынь у выніку змены клімату і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Апустыньванне спрыяе абвастрэнню эканамічных, сацыяльных і геаэкалагічных праблем, такіх як беднасць, дрэннае здароўе насельніцтва, памяншэнне прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, адсутнасць харчовай бяспекі, скарачэнне колькасці і разнастайнасці відаў раслін і жывёл, недахоп вады, зніжэнне ўстойлівасці да змены П1 клімату і вымушаная міграцыя (мал. 75).

Павышаны ўзровень П1

img
Мал. 75. Наступленне пустыні
img
Мал. 76. Пустыня Каракумы, Туркменія

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як апустыньванне выклікае абвастрэнне эканамічных, сацыяльных і геаэкалагічных праблем?

Апустыньванне можа адбывацца ў розных кліматычных умовах, але асабліва інтэнсіўна яно працякае ў гарачых, засушлівых раёнах (мал. 76). У Афрыцы знаходзіцца амаль трэць усіх арыдных абласцей свету; яны шырока распаўсюджаны таксама ў Азіі, Лацінскай Амерыцы і Аўстраліі. Сярод апрацаваных зямель, якія падвяргаюцца апустыньванню, у сярэднім за год 6 млн га цалкам знішчаюцца і звыш 20 млн га зніжаюць сваю прадукцыйнасць.

img
Мал. 77. Размеркаванне засушлівых зямель свету па буйных рэгіёнах, %

icon Клуб географаў-знаўцаў. Многія віды флоры і фаўны ў працэсе эвалюцыі змаглі дзіўным чынам адаптавацца да кліматычных умоў пустыні. У Намібіі расліна вельвічыя дзіўная (Welwitschia mirabilis) здабывае вільгаць з туманаў, якія штодня апускаюцца на пустыню Наміб.

Адпаведна кліматычным умовам пустыні і паўпустыні павінны займаць у свеце плошчу каля 48,4 млн км2 (уключаючы ледніковыя пакровы, г. зн. ледзяныя пустыні). Фактычна, у адпаведнасці з глебава-батанічнымі данымі, іх плошча дасягае 58 млн км2. Такім чынам, плошча антрапагенных пустынь роўная прыкладна 10 млн км2, або 6,7 % усёй паверхні сушы. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца каля 30 млн км2 (19 %) сушы Зямлі (мал. 77–78).

img
Мал. 78. Геаграфія апустыньвання і абязлесення, 2018 г.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны і краіны, у якіх вялікія тэрыторыі знаходзяцца пад пагрозай апустыньвання.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пустыні і засушлівыя землі займаюць 41,2 % паверхні Зямлі, з іх 6,6 % складаюць пустыні, а 34,6 % — засушлівыя раёны. На тэрыторыі пустынь і засушлівых раёнаў пражывае 2,1 млрд чалавек, з якіх 90 % складае насельніцтва краін, якія развіваюцца. На засушлівых землях утрымліваецца 50 % пагалоўя свойскай жывёлы і знаходзіцца 44 % усіх зямель свету, якія апрацоўваюцца.

Паводле ацэнак экспертаў ЮНЕСКА, у свеце за апошнія 50 гадоў тэрыторыя крыху меншая за палову плошчы Паўднёвай Амерыкі ператварылася ў бясплодную пустыню. Гэта стала адной з прычын галечы і голаду ў шэрагу краін, якія развіваюцца. Эфектыўная барацьба з апустыньваннем павінна праводзіцца з улікам натуральных фактараў і ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краін. Адзначаючы асаблівую важнасць праблемы, у 1994 г. ААН абвясціла 17 чэрвеня Сусветным днём барацьбы з апустыньваннем і засухамі (дзень прыняцця Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем і засухамі).

Павышаны ўзровень П2

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах, якія развіваюцца, каэфіцыент дзіцячай смяротнасці ў засушлівых раёнах у сярэднім складае 54 дзіцяці на 1000 жыванараджэнняў, у два разы перавышаючы паказчык для астатніх раёнаў і ў 10 разоў — сярэдні каэфіцыент дзіцячай смяротнасці ў развітых краінах.

icon Паразважаем. Ці зможа чалавецтва цалкам вырашыць праблему прыроднага і антрапагеннага апустыньвання?

Для барацьбы з апустыньваннем праводзяць розныя мерапрыемствы (мал. 79).

img
Мал. 79. Мерапрыемствы па барацьбе з апустыньваннем

icon Абязлесенне — знікненне лесу ў выніку натуральных прычын і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны і краіны, для якіх характэрны працэсы абязлесення.

Лясы складаюць каля 85 % біямасы расліннасці Зямлі. За апошнія 60 гадоў плошча лясоў у свеце паменшылася з 1,2 га да 0,5 га на чалавека. Галоўная прычына звядзення лясоў — павелічэнне плошчы раллі і пашы па прычыне росту колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Лёс лясоў і гісторыя чалавецтва на ўсіх кантынентах былі найцяснейшым чынам узаемазвязаны. Каля 10 тыс. гадоў таму, да зараджэння сельскагаспадарчай дзейнасці, густыя лясы і іншыя пакрытыя лесам прасторы займалі больш за 6 млрд га паверхні сушы. Да канца XX ст. іх плошча скарацілася амаль на трэць, і цяпер яны займаюць толькі крыху больш за 4 млрд га. У Францыі, напрыклад, дзе лясы першапачаткова пакрывалі каля 80 % тэрыторыі, да канца XX ст. іх плошча скарацілася да 14 %; у ЗША, дзе лясамі ў пачатку XVII ст. было пакрыта амаль 400 млн га, ужо да 1920 г. лясное покрыва было на дзве трэці знішчана.

icon Свет і Беларусь. Якая лясістасць Беларусі? Як змянялася лясістасць Беларусі ў ХХ ст.?

Абязлесенне прыводзіць да зніжэння першаснай біялагічнай прадукцыі і біялагічнай разнастайнасці, памяншэння паглынання вуглякіслага газу расліннасцю. Звядзенне лясоў цягне за сабой прыкметныя змены кліматычных умоў на лакальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях (мал. 80). Абязлесенне ўмеранага пояса ў асноўным спынілася, але працягваецца скарачэнне плошчы трапічных і экватарыяльных лясоў (мал. 81).

Павышаны ўзровень П3

img
Мал. 80. Высечка лесу ў Расіі
img
Мал. 81. Дэградзіраваны трапічны лес Бразіліі

Для таго каб спыніць працэс абязлесення, неабходна рацыянальна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы (мал. 82).

Павышаны ўзровень П4

icon Паразважаем. Ці можа чалавецтва для захавання лясоў цалкам адмовіцца ад іх гаспадарчага выкарыстання?

icon Свет і Беларусь. Па колькасці і якасці ляснога фонду Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых дзяржаў Еўропы. Штогадовы прырост лясоў краіны — 32 млн м3 драўніны. Агульны запас драўніны ў лясах Беларусі — 1 млрд 800 млн м3. У 2019 г. са ўсіх відаў высечак нарыхтавана 20,9 млн м3 драўніны.

img
Мал. 82. Мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў

У шэрагу краін прыняты дзяржаўныя праграмы гаспадарчага асваення лясных тэрыторый. У той жа час ёсць неабходнасць распрацоўкі і прыняцця міжнароднай канвенцыі па лясах. Яна павінна вызначыць асноўныя прынцыпы і механізмы міжнароднага супрацоўніцтва па падтрыманні ўстойлівага стану і паляпшэнні лясоў. Стратэгія кіравання лясамі павінна грунтавацца на прызнанні лесу агульным здабыткам чалавецтва.