§ 11. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БІЯСФЕРЫ

Уплыў дзейнасці чалавека на біясферу. Сярод геаэкалагічных праблем біясферы ёсць дзве найбольш сур’ёзныя. Першая праблема абумоўлена зніжэннем ролі біясферы ў падтрыманні стабільнага стану геаграфічнай абалонкі. Другая звязана са значным адабраннем і разбурэннем чалавекам аднаўляльных біялагічных рэсурсаў.

Чалавек як біялагічны від знаходзіцца на вяршыні экалагічнай піраміды. Па законах біялагічнай экалогіі на харчаванне яму «адводзіцца» толькі некалькі працэнтаў вырабленай на сушы першаснай біялагічнай прадукцыі, а гэта каля 10 млрд т у год.

Першасная біялагічная прадукцыя — гэта біямаса, якая вырабляецца прадуцэнтамі (у асноўным раслінамі) за адзінку часу (звычайна год) на адзінку плошчы. Яе велічыня залежыць ад суадносін цяпла і вільгаці, якія паступаюць на зямную паверхню. Чым больш сонечнай энергіі праходзіць на паверхню Зямлі, тым лепшыя ўмовы для сінтэзу першаснай біялагічнай прадукцыі. Але гэта слушна толькі пры наяўнасці аптымальнай колькасці вады.

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб географаў-знаўцаў. Найбольшая біялагічная прадукцыйнасць характэрная для вільготных лясоў экватарыяльнага пояса (каля 4000 т/км2 у год). Субтрапічныя лясы вырабляюць каля 2000 т/км2 у год. Саванны трапічнага пояса маюць біяпрадукцыйнасць каля 1500 т/км2 у год, стэпы — каля 900 т/км2 у год, тайга — 700 т/км2 у год, а пустыні — не больш за 200 т/км2 у год.

За кошт выкарыстання раллі, пашы і лясоў чалавек спажывае сельскагаспадарчыя і лясныя прадукты агульнай масай 31 млрд т у год. Змены прыродных ландшафтаў, ператварэнне натуральных экасістэм у антрапагенныя і іншая дзейнасць чалавека паменшылі першасную біялагічную прадукцыю на 27 млрд т. Такім чынам, агульная колькасць біямасы сушы, якую спажывае і разбурае чалавек, складае 58 млрд т у год, або амаль 40 % першаснай біялагічнай прадукцыі сушы.

Спажыванне чалавекам першаснай біялагічнай прадукцыі пераўзыходзіць усе дапушчальныя межы. У канчатковым выніку гэта можа прывесці да катастрафічных змен біясферы і ўсёй геаграфічнай абалонкі.

icon Паразважаем. Чаму чалавецтва, нягледзячы на магчымыя катастрафічныя наступствы, не зніжае спажыванне першаснай біялагічнай прадукцыі?