§ 11. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БІЯСФЕРЫ

Роля біясферы ў геаграфічнай абалонцы і яе значэнне для жыцця людзей. Біясфера — адна з геасфер Зямлі, вобласць распаўсюджвання жывога рэчыва. Яна з’яўляецца незаменным асяроддзем жыццядзейнасці чалавека. Біясфера не можа функцыянаваць без цеснага ўзаемадзеяння з атмасферай, гідрасферай і літасферай (мал. 57).

img
Мал. 57. Будова біясферы

Зямля ад іншых планет Сонечнай сістэмы адрозніваецца наяўнасцю біясферы. Газавы склад атмасферы, глабальны кругаварот вады, ключавая роля вугляроду і яго злучэнняў звязаны з дзейнасцю біёты і характэрны толькі для Зямлі. Біёта адыгрывае важную ролю ва ўсіх глабальных прыродных кругаваротах. Працэс фотасінтэзу забяспечвае ўстойлівае ўтварэнне найважнейшага аднаўляльнага прыроднага рэсурсу — першаснай біялагічнай прадукцыі. Без яе немагчыма развіццё сельскай і рыбнай гаспадаркі, лесаводства і іншых відаў гаспадарчай дзейнасці.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. З курсу біялогіі ўспомніце, як утварэнне першаснай біялагічнай прадукцыі ўплывае на гаспадарчую дзейнасць чалавека.

Дзякуючы ўнікальным уласцівасцям біёты біясфера выконвае шэраг важных функцый у геаграфічнай абалонцы (мал. 58).

img
Мал. 58. Асноўныя функцыі біясферы ў геаграфічнай абалонцы

У выніку рэалізацыі гэтых функцый біясфера падтрымлівае стабільнае функцыянаванне геаграфічнай абалонкі, забяспечвае захаванне асяроддзя жыццядзейнасці чалавека, нягледзячы на антрапагеннае ўздзеянне, якое пастаянна нарастае.