§ 11-1. БІЯСФЕРА

Разнастайнасць жывых арганізмаў на Зямлі абумоўлена наступнымі прычынамі. Па-першае, шырокім дыяпазонам абіятычных умоў асяроддзя пражывання жывых арганізмаў у геаграфічнай абалонцы. Абіятычныя экалагічныя фактары існавання арганізмаў звязаны са святлом, цяплом, вільгаццю; глебава-грунтавымі ўмовамі; узроўнем забруджвання вады, паветра і глебы. Па-другое, адаптацыйнымі здольнасцямі жывых арганізмаў. Эвалюцыйныя змены знешніх і ўнутраных уласцівасцей арганізмаў дазваляюць ім прыстасоўвацца да разнастайных умоў навакольнага асяроддзя. Акрамя гэтых фактараў вялікае значэнне для фарміравання асяроддзя пражывання і выжывання ў ёй маюць узаемаадносіны саміх арганізмаў: канкурэнцыя, драпежніцтва, сімбіёз, паразітызм і інш. У цяперашні час на Зямлі існуе 500 тыс. відаў раслін і 1,5 млн відаў жывёл, у тым ліку пазваночных — 70 тыс., птушак — 16 тыс., млекакормячых — 12 540 відаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 1985 г. у Атлантычным акіяне былі выяўленыя чырвоныя водарасці на глыбіні да 270 м, дзе асветленасць не перавышае сотай або тысячнай долі працэнта. Да гэтага лічылася, што фотасінтэз не можа адбывацца пры асветленасці менш за 1 %, і жыццё фотасінтэзуючых арганізмаў глыбей за 180–200 м не меркавалася. У тым жа годзе на дне Ціхага акіяна знойдзена звышгарачая крыніца з тэмпературай вады 400–430 °С, на гэтай жа глыбіні адзначалася жыццё сярод гарачых расолаў. Дзякуючы вялікаму ціску на глыбіні 2400–2600 м вада застаецца вадкай і там жывуць бактэрыі, буйныя ракавіны-малюскі, некаторыя віды чарвякоў. Жывая істота была знойдзена таксама ў антарктычным лёдзе, г. зн. ва ўмовах холаду і адсутнасці кіслароду, дзе немагчымы фотасінтэз.