§ 11-1. БІЯСФЕРА

Прасторава-часавыя заканамернасці размеркавання жывых арганізмаў у біясферы. Арганічны свет Зямлі на вышэйшым таксанамічным узроўні арганізацыі жывога рэчыва дзеліцца на надцарствы і царствы (мал. 56-4). Гэта дзяленне заснавана на заканамернасцях эвалюцыйнага развіцця і клетачнай будовы арганізмаў.

img
Мал. 56-4. Дзяленне арганічнага свету Зямлі

На аснове функцый, якія жывыя арганізмы выконваюць у абмене рэчывам і энергіяй, яны класіфікуюцца на аўтатрофныя і гетэратрофныя.

Сукупнасць жывых (якія жывуць і якія адмерлі) арганізмаў называецца жывым рэчывам. Асноўнай характарыстыкай жывога рэчыва з’яўляецца біямаса. Утварэнне і размеркаванне біямасы ў геаграфічнай абалонцы падпарадкоўваецца пэўным агульным заканамернасцям.

Першая заканамернасць — гэта канцэнтрацыя біямасы ў зонах кантактаў кантрасных асяроддзяў. Галоўнай кантактнай зонай геаграфічнай абалонкі з’яўляецца мяжа сушы і акіяна з атмасферай. Тут таўшчыня слоя, у якім сканцэнтравана асноўная маса жывых арганізмаў, дасягае некалькіх дзясяткаў метраў. Іншыя кантактныя зоны: берагавая зона мора, марское дно, берагі рэк і г. д.

Другая заканамернасць заключаецца ў тым, што асноўная частка біямасы сканцэнтравана на сушы. Тут біямаса прыкладна ў 200 разоў большая, чым у акіяне. Па велічыні сухога арганічнага рэчыва мацерыкі пераўзыходзяць акіяны прыкладна ў 350–400 разоў. На сушы фітамаса на тры парадкі перавышае заамасу. У акіяне заамаса большая за фітамасу прыкладна ў 26 разоў. Сярод жывёл і раслін акіяна па масе пераважае планктон.

На сушы велічыня біямасы залежыць ад умоў забяспечанасці тэрыторыі цяплом і вільгаццю. Максімальная колькасць біямасы адпавядае зоне вільготных трапічных лясоў (мал. 56-5). Мінімальная — трапічным пустыням, дзе рост жывых арганізмаў абмяжоўваецца дэфіцытам вільгаці, палярным раёнам, дзе недастаткова цяпла. Біямаса цэнтральных частак Антарктыды і Грэнландыі практычна роўная нулю (мал. 56-6).

img
Мал. 56-5. Вільготны трапічны лес, Паўднёвая Амерыка
img
РМал. 56-6. Ландшафты Грэнландыі

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, вызначыце прасторавыя заканамернасці змены біямасы ў залежнасці ад забяспечанасці тэрыторыі цяплом і вільгаццю.

У акіяне размеркаванне біямасы падпарадкавана іншым заканамернасцям. Жывыя арганізмы акіяна па тыпе месцапражывання аб’ядноўваюцца ў тры групы (мал. 56-7).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Раслінныя арганізмы ў акіяне развіваюцца пераважна ў водах ад паверхні да глыбіні пранікнення святла (каля 400 м). Усяго налічваецца каля 10 тыс. відаў марскіх раслін. Пераважаюць водарасці мікраскапічных форм (планктон). Але ёсць і буйныя, даўжынёй да некалькіх дзясяткаў метраў (ламінарыевыя водарасці). Жывёлы распаўсюджаны ва ўсіх слаях акіяна (каля 160 тыс. відаў). Сярод іх пераважаюць прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, рыбы.

img
Мал. 56-7. Групы жывых арганізмаў акіяна па тыпе месцапражыванняў

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як тып месцапражывання ўплывае на лад жыцця жывых арганізмаў у акіяне?

У акіяне вылучаюць некалькі зон, якія адрозніваюцца па ўмовах існавання жывых арганізмаў. Невялікія значэння біямасы характэрны для трапічных мораў і цэнтральнай частцы Паўночнага Ледавітага акіяна. Высокія паказчыкі біямасы адпавядаюць раёнам умеранага пояса ў паўночнай частцы Атлантычнага і паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна.