§ 11-1. БІЯСФЕРА

Асаблівасці фарміравання і развіцця біясферы. Сучасная біясфера Зямлі з’яўляецца вынікам мільярдаў гадоў яе эвалюцыі (мал. 56-3).

img
Мал. 56-3. Гісторыя развіцця біясферы

У эвалюцыі біясферы неаднаразова адбывалася перабудова флоры і фаўны, выкліканая змяненнем абіятычных і біятычных умоў. Пакуль навакольнае асяроддзе заставалася адносна пастаянным, працягвалі існаваць віды, прыстасаваныя да яго. Пры яго істотных зменах віды, не здольныя працягваць існаванне, выміралі.

Для трыясу быў характэрны адносна спакойны стан зямной кары. На сушы развіваліся голанасенныя расліны, насякомыя і паўзуны. На працягу юрскага перыяду паўзуны асвоілі ўсе асяроддзі жыцця: мора, сушу, паветра. Пачалося развіццё пакрытанасенных раслін. У мелавым перыядзе ўмовы існавання значна змяніліся. Працэсы гораўтварэння прывялі да асушвання мацерыкоў, клімат стаў больш кантынентальным. Гэта адбілася на біясферы.

У сярэдзіне мелавога перыяду з’явіліся адналетнікі і травяністыя расліны. Яны спрыялі рэзкаму паскарэнню кругавароту біягенных элементаў у экасістэмах. У канцы мелу адбыліся карэнныя пераўтварэнні арганічнага свету. Змяненне клімату і расліннага покрыва прывяло да вымірання расліннаедных яшчараў і драпежных дыназаўраў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму змяненне клімату прывяло да вымірання расліннаедных яшчараў і драпежных дыназаўраў?

У кайназоі ў выніку геалагічных пераўтварэнняў будова паверхні Зямлі наблізілася да сучаснай. На сушы працягвалася развіццё пакрытанасенных раслін, з’явіліся збожжавыя. Узмацнілася формаўтварэнне ў млекакормячых, птушак, насякомых. Чацвярцічны перыяд характарызуецца дзвюма важнымі падзеямі. Буйным абледзяненнем усяго Паўночнага паўшар’я і з’яўленнем чалавека. На працягу чацвярцічнага перыяду сфарміравалася сучасная структура біясферы.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія стадыі эвалюцыі чалавека вы ведаеце?

У эвалюцыі біясферы прасочваюцца яе важныя асаблівасці. Біясферы ўласціва высокая ўстойлівасць. На працягу ўсёй геалагічнай гісторыі Зямлі на яе паверхні адбываліся значныя змены. Нягледзячы на гэта, жыццё на Зямлі працягвала існаваць і развівацца.

iconПаразважаем. Чаму, нягледзячы на значныя змены на паверхні Зямлі на працягу яе геалагічнай гісторыі, жыццё на ёй працягвала існаваць і развівацца?

Пастаянныя змены біясферы выяўляліся ў павелічэнні разнастайнасці відаў жывых арганізмаў, ускладненні іх арганізацыі і росце біямасы. Працэсы іх жыццядзейнасці аказвалі істотны ўплыў на змяненне нежывой часткі біясферы.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Жывое рэчыва планеты сканцэнтравана ў асноўным у зялёных раслінах сушы. Колькасць відаў раслін складае больш за 20 % ад агульнай улічанай колькасці арганізмаў. На віды жывёл, якія складаюць менш за 1 % усёй біямасы Зямлі, прыпадае каля 80 %.

Эвалюцыя жывых арганізмаў суправаджалася пастаянным ускладненнем біясферы, нарастаннем разнастайнасці і складанасці экасістэм і павышэннем яе ўстойлівасці. За ўсю гісторыю Зямлі, па прыблізных падліках, існавала прыкладна 500 млн відаў жывых арганізмаў. Сучасная біясфера ўключае амаль 2,5 млн відаў.