§ 10. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Антрапагеннае ўздзеянне на Сусветны акіян. З кожным днём узмацняецца ўплыў дзейнасці чалавека на Сусветны акіян. У многіх выпадках ён пераўзыходзіць натуральныя працэсы аднаўлення і прыводзіць да істотнага парушэння яго геаэкалагічнага стану.

Адмоўны ўплыў на марское асяроддзе аказвае здабыча карысных выкапняў, нерацыянальнае выкарыстанне біялагічных і іншых прыродных рэсурсаў акіяна, будаўнічая, ваенная і іншая дзейнасць чалавека.

Асваенне марскіх радовішчаў нафты і газу ў ходзе геалагічных пошукаў і сейсмаразведкі суправаджаецца мільёнамі пнеўмаўзрываў. Ударныя хвалі ад іх выклікаюць гібель малькоў рыб, а ў дарослых асобін пашкоджваюцца зрок, слых, парушаецца здольнасць да арыентацыі (мал. 49, 50).

Пры бурэнні свідравін утвараюцца буравы раствор і шлам, якія скідаюцца ў мора. Яны ўтрымліваюць цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы. З-за гэтага пагаршаюцца характарыстыкі вады, гіне фіта- і зоапланктон.

img
Мал. 49. Здабыча газу ў акіяне
img
Мал. 50. Здабыча нафты ў акіяне

Пры эксплуатацыі марскіх нафтавых платформ магчымы аварыі, сутыкненні нафтавых танкераў з рыбалоўнымі судамі, пашкоджанні трубаправодаў. Гэта можа прыводзіць да разліцця нафты, што мае працяглыя адмоўныя наступствы (забруджванне вады, гібель марскіх гідрабіёнтаў і птушак).

Шмат дзе на мелкаводдзі здабываецца пясок і гравій для будаўніцтва. Здабываюць металы з марскіх россыпаў і жалезамарганцавыя канкрэцыі. Гэтая дзейнасць адмоўна ўплывае на стан марскога дна. Адбываецца дадатковае ўскаламучванне вады, што негатыўна ўплывае на арганізмы, якія жывуць у прыдонным слоі, напрыклад, рэзка зніжаецца хуткасць росту каралаў. Таму на ўчастках берагавой зоны распрацоўка падводных кар’ераў павінна ажыццяўляцца вельмі асцярожна.

img
Мал. 51. Вылаў рыбы

У сярэдзіне ХХ ст. лічылася, што харчовыя рэсурсы акіяна невычарпальныя, і харчовую праблему чалавецтва меркавалася вырашыць шляхам пераходу на харчаванне морапрадуктамі і павелічэння ўлову рыбы (мал. 51).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Рыбы і морапрадукты адыгрываюць важную ролю ў жыцці чалавека. Штогадовы сусветны ўлоў складае каля 60 млн т. У сусветным балансе жывёльных бялкоў значэнне харчовай прадукцыі, вырабленай з аб’ектаў рыбнай здабычы, блізка да 22 % і саступае толькі мясным (43 %) і малочным (35 %) прадуктам. Асноўная частка ўлову (каля 90 %) прыпадае на зоны мелкаводдзя з глыбінямі да 200 м.

У цяперашні час назіраецца глабальная тэндэнцыя павышэння эксплуатацыі рыбных рэсурсаў і спусташэння запасаў жывых арганізмаў акіяна. Тры чвэрці аб’ёму біялагічных рэсурсаў акіяна выкарыстоўваюцца максімальна, многія віды ўжо зніклі.

Дасягненне гранічнага ўзроўню сусветных уловаў рыбы суправаджаецца рэзкім скарачэннем запасаў каштоўных прамысловых відаў. Напрыклад, ласося на Далёкім Усходзе і заходнім узбярэжжы ЗША і Канады, асятровых у Каспійскім моры, селядца, камбалы, траскі, палтуса ў Паўночнай Атлантыцы.

Для захавання і рацыянальнага выкарыстання марскіх біярэсурсаў неабходны паступовы пераход да кіраванай чалавекам марской рыбнай гаспадаркі, павышэнне ролі развядзення рыб і морапрадуктаў.

Значны ўплыў на Сусветны акіян аказ вае дзейнасць чалавека ў басейнах рэк. Пашырэнне плошчы раллі, эксплуатацыя арашальных сістэм, высечка лясоў, будаўніцтва ўплываюць на гідралагічны рэжым рэк, а праз яго на рэжым мораў.

Нерацыянальнае выкарыстанне зямель берагавой зоны для рэкрэацыйных мэт, грамадзянскага будаўніцтва, размяшчэння прамысловых і партовых збудаванняў негатыўна ўплывае на экалагічны стан прыбярэжнай зоны акіяна.