§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

Рацыянальнае выкарыстанне мінеральных і тэрмальных вод. Мінеральныя воды — гэта падземныя і паверхневыя прыродныя воды з агульнай мінералізацыяй звыш 1 г/л, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбных і прамысловых мэтах. Да каштоўных для прамысловасці належаць воды, з якіх можна атрымаць кампаненты, карысныя ў народнай гаспадарцы (павараная соль, бром, ёд, бор і інш.).

Мінеральныя воды выкарыстоўваюцца для бальнеалагічных і гаспадарчых мэт. На базе разведаных радовішчаў мінеральных вод пабудаваныя санаторыі, заводы па разліве мінеральнай вады, здабыванні з яе карысных кампанентаў, солей і г. д.

Тэрмальныя воды — гэта падземныя воды з тэмпературай 20 °С і больш. Тэмпература 20 °С умоўна прынятая за мяжу паміж халоднымі (менш рухомымі) і тэрмальнымі (больш рухомымі) водамі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Глыбіня залягання ізатэрмы 20 °С у зямной кары залежыць ад кліматычнай занальнасці: у раёнах развіцця шматгадовых мёрзлых парод — 1500–2000 м, у субтропіках — каля 100 м, у зоне тропікаў ізатэрма 20 °С выходзіць на паверхню. У межах кожнай зоны назіраецца рост тэмпературы тэрмальных вод з глыбінёй, якая вызначаецца геолага-структурнымі асаблівасцямі раёна і звязанымі з імі гідрагеатэрмічнымі ўмовамі.

Тэрмальныя воды складаюць большую частку вод падземнай гідрасферы.

У абласцях неатэктанічных парушэнняў (Альпы, Каўказ, Цянь-Шань, Памір, Гімалаі і інш.) тэрмальныя воды выходзяць на паверхню ў выглядзе гарачых крыніц з тэмпературай да 90–100 °С, а ў раёнах сучаснага вулканізму — у выглядзе гейзераў і паравых струменяў. Свідравіны глыбінёй 1000–1500 м, якія праходзяць у зону разгрузкі паравых струменяў, ускрываюць паравадзяныя сумесі і пары з тэмпературай да 200–300 °С (Паўжэцкае радовішча на Камчатцы, Вялікія гейзеры ў ЗША, Уайракей у Новай Зеландыі, Лардэрэла ў Італіі і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя раёны, дзе тэрмальныя воды выходзяць на паверхню ў выглядзе гарачых крыніц.

iconСвет і Беларусь. У нетрах Беларусі ёсць рэсурсы тэрмальных вод. У Прыпяцкім прагіне тэмпература падземных вод на глыбіні 2000 м змяняецца ад 30,8 да 61,3 °С, а на глыбіні 3000 м — ад 44,0 да 86,3 °С. Найбольш высокая тэмпература (116,5 °С) была зафіксавана ў разрэзе свідравіны Барсукоўская–3 на глыбіні 3860 м. Галоўнай прычынай, якая стрымлівае выкарыстанне геатэрмальнай энергіі Прыпяцкага прагіну, з’яўляецца адсутнасць эфектыўнай тэхналогіі ўздыму з вялікіх глыбінь тэрмальных вод вельмі высокай мінералізацыі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне на глыбіні каля 1 км залягаюць слабамінералізаваныя падземныя воды з тэмпературай каля 30 °С. У будучыні іх можна будзе выкарыстоўваць у цеплаэнергетыцы з дапамогай цеплавых помпаў.

Тэрмальныя воды служаць аб’ектам здабычы і перапрацоўкі з мэтай выкарыстання ў народнай гаспадарцы. На базе радовішчаў тэрмальных вод функцыянуюць шматлікія буйныя курорты сусветнага значэння.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя буйныя курорты, размешчаныя ў месцах радовішчаў тэрмальных вод.

iconСвет і Беларусь. Беларусь мае значныя рэсурсы мінеральных падземных вод. Да адкладаў ападкавага чахла і крышталічнага падмурка прымеркаваны мінеральныя вады (і лячэбныя расолы). Разведана больш за 60 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі каля 15 000 м3/сут. Найбольш распаўсюджаныя хларыдныя, сульфатна-хларыдныя і хларыдна-сульфатные воды, радзей сустракаюцца сульфатныя і радонавыя. Катыённы склад мінеральных вод досыць разнастайны. На базе разведаных крыніц мінеральных вод працуюць санаторыі і прафілакторыі, функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод «Дарыда», «Бабруйская», «Баравая», «Брэсцкая», «Магілёўская», «Нарачанская» і інш.