§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

Уплыў забруджвання вады на чалавека і біёту. Праблема чыстай вады з’яўляецца актуальнай для ўсіх краін. Многія водныя крыніцы настолькі забруджаныя, што сталі згубнымі для расліннага і жывёльнага свету і небяспечнымі для здароўя і жыцця людзей.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Эксперты ААН падлічылі, што з-за адсутнасці чыстай пітной вады і ўмоў для элементарнай гігіены ў краінах Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі ад страўнікавых захворванняў пакутуе 1 млрд чалавек і штогод памірае 25 млн чалавек.

Амаль усе прамысловыя сцёкавыя воды забруджаны нафтапрадуктамі. Вялікую небяспеку ўяўляюць фенольныя злучэнні, якія знаходзяцца ў сцёкавых водах хімічных прадпрыемстваў. Сцёкавыя воды прадпрыемстваў па вытворчасці пестыцыдаў, электрахімічнай прамысловасці, фабрык, якія ўзбагачаюць руду, утрымліваюць значную колькасць цынку і медзі. Камунальныя сцёкі, акрамя фекальных вод, змяшчаюць значную колькасць шкодных злучэнняў ад выкарыстання хімічных рэчываў у побыце. Гарадскія паверхневыя сцёкі ўтрымліваюць забруджванні ад выхлапаў гарадскога транспарту і едкія солі, што выкарыстоўваюцца ў гарадах для расставання снегу і лёду. «Цеплавое забруджванне» вады выклікаецца цеплавымі і атамнымі электрастанцыямі, якія выкарыстоўваюць для астуджэння велізарныя аб`ёмы вады, потым вяртаючы яе ў вадаёмы. Радыеактыўныя адходы, якія ўтвараюцца падчас працы з радыеактыўнымі рэчывамі, захоўваюць у спецыяльных сховішчах. У выпадку іх трапляння ў паверхневыя і падземныя воды яны канцэнтруюцца ў раслінных арганізмах і арганізмах жывёл. Забруджванні з атмасферы ў выглядзе кіслотных дажджоў выпадаюць на паверхню Зямлі і наносяць вялікую шкоду флоры і фаўне. Сярод адходаў воднага транспарту найбольшую небяспеку ўяўляе забруджванне нафтапрадуктамі. Хімізацыя сельскай гаспадаркі ў выніку выкарыстання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі прыводзіць да моцнага забруджвання водных аб’ектаў. Сцёкі жывёлагадоўчых комплексаў таксама з’яўляюцца значнай крыніцай забруджвання.

iconКлуб географаў-знаўцаў. З унесеных угнаенняў у водныя крыніцы трапляе каля 20 % азоту, 25 % фосфару і 30 % калію. У сувязі з гэтым сельская гаспадарка з’яўляецца асноўным забруджвальнікам водных аб’ектаў біягеннымі элементамі. Асабліва небяспечныя адходы свінагадоўчых комплексаў. Адна свінаферма на 100 тыс. галоў па выніках забруджвання раўназначная гораду з насельніцтвам 250 тыс. чалавек.

Эўтрафаванне (эўтрафікацыі) вод — узбагачэнне рэк і азёр біягеннымі элементамі, якое суправаджаецца павышэннем іх біялагічнай прадукцыйнасці. У далейшым яно з’яўляецца прычынай пагаршэння якасці вады і збяднення відавога складу зоабентасу і рыб, прыводзіць да масавага развіцця сіне-зялёных водарасцей, менш патрабавальных да ўмоў пражывання.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як узаемадзейнічаюць прыродныя і антрапагенныя працэсы эўтрафавання вадаёмаў?