§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

Павышаны ўзровень П1

Уздзеянне розных відаў гаспадарчай дзейнасці чалавека на колькасць і якасць водных рэсурсаў прыводзіць да пагаршэння геаэкалагічнага стану водных аб’ектаў і прылеглых да іх тэрыторый. Гэта праяўляецца ў змене водных запасаў, гідралагічнага рэжыму вадацёкаў і вадаёмаў, а таксама якасці вод. Вытворчая дзейнасць чалавека ўздзейнічае на ўсе асноўныя элементы глабальнага кругавароту вады: ападкі, выпарэнне, сцёк.

На водныя аб’екты ўплываюць адначасова многія антрапагенныя фактары. Па характары ўздзеяння на водныя аб’екты сушы яны падзяляюцца на тры групы (мал. 41). Найбольш істотны ўплыў аказваюць фактары першай групы.

img
Мал. 41. Антрапагенныя фактары, якія ўздзейнічаюць на водныя аб’екты

Павышаны ўзровень П2

Любое гаспадарчае выкарыстанне вод суправаджаецца з’яўленнем адпрацаваных вод або сцёкаў, зменай фізічных і хімічных уласцівасцей вады (мал. 42).

img
Мал. 42. Забруджванне вадаёмаў у выніку гаспадарчай дзейнасці

icon Клуб географаў-знаўцаў. Сельская гаспадарка — асноўны забруджвальнік водных аб’ектаў біягеннымі элементамі. З угнаенняў, унесеных у глебу пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур, у ваду трапляе каля 20 % азоту, 25 % фосфару і 30 % калію.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Забруджванне Рэйна, у басейне якога жыве больш за 20 млн чалавек, пачынаецца ў верхнім цячэнні (яшчэ ў Швейцарыі), бо значная частка прамысловых і бытавых сцёкаў размешчаных на ім гарадоў скідаецца без дастатковай ачысткі. Яго воды паступова збіраюць 24 млн т адходаў прамысловай вытворчасці. Калі ў Швейцарыі ён нясе 3,4 кг хларыдаў у секунду, то каля вусця — да 200 кг. Яшчэ 80 гадоў таму Рэйн славіўся рыбалоўным промыслам: у год з яго вылоўлівалася 150 тыс. ласосяў. Зараз калі асобны ласось і трапляе ў гэтую раку, яго мяса ўтрымлівае столькі фенола, што яго немагчыма спажываць у ежу.

Назапашванне біягенных элементаў павялічвае біялагічную прадукцыйнасць вадаёмаў. Гэта прыводзіць да шэрага неспрыяльных геаэкалагічных наступстваў: пагаршэння якасці вады, зніжэння рэкрэацыйнай каштоўнасці вадаёма, памяншэння рыбнай папуляцыі і г. д.

Павышаны ўзровень П3

icon Клуб географаў-знаўцаў. Своеасаблівым біяіндыкатарам чысціні вадаёма з’яўляецца трыснёг. У чыстай вадзе ён дасягае вышыні 4 м, а ў моцна забруджанай не бывае вышэй за 0,5 м. У чыстых вадаёмах расце гарлачык белы, водзяцца ракі, разнастайныя віды рыбы. У забруджаных вадаёмах растуць рагаліснік пагружаны, урэчнік плаваючы і раска. Колькасць кіслароду ў такой вадзе мізэрная. Вада дрэнна пахне. Піць такую ваду і купацца ў ёй нельга.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як уплывае забруджванне гідрасферы на здароўе чалавека?

img
Мал. 43. Водаачышчальныя збудаванні

Для ачысткі адпрацаваных вод выкарыстоўваюць механічныя, хімічныя і біялагічныя метады. Для развядзення 1 м3 ачышчаных сцёкаў неабходна не менш за 8–10 м3 чыстых прыродных вод (мал. 43). Калі скідаюцца неачышчаныя сцёкі, то расход вады павялічваецца ў некалькі разоў.

Разам са звычайным забруджваннем вады, павялічваецца колькасць катастрафічных сітуацый, калі ў раку, возера ці падземныя воды трапляе значны аб’ём высокатаксічных рэчываў, якія наносяць сур’ёзную і доўгатэрміновую шкоду навакольнаму асяроддзю.

Рачныя сістэмы падпадаюць пад найбольшае антрапагеннае ўздзеянне.

icon Свет і Беларусь. У чым праблема малых рэк Беларусі? Чаму асушэнне балот Палесся мае негатыўныя наступствы?