§ 8-2. CУСВЕТНЫ АКІЯН

Прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна. У паняцце «прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна» ўключаюцца ўсе яго элементы, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць выкарыстаны ў гаспадарчай дзейнасці (мал. 38-6).

img
Мал. 38-6. Тыпы прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна па спосабе іх выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці

Сусветны акіян — складаная дынамічная сістэма, у якую уваходзяць акіянічная літасфера, гідрасфера, атмасфера і біясфера. Кожная з іх з’яўляецца крыніцай рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца або патэнцына могуць быць выкарыстаны.

Аб’ектамі асваення літасферы з’яўляюцца паверхневы слой і нетры марскога дна. Тут здабываюцца карысныя выкапні, узводзяць інжынерныя збудаванні.

У акіянічнай гідрасферы рэсурсамі выступаюць яе дынамічныя ўласцівасці і працэсы, якія дазваляюць вырабляць энергію, забяспечваць перавозку грузаў і пасажыраў, развіваць марыкультуру і рэкрэацыю. Рэсурсам з’яўляецца марская вада, што выкарыстоўваецца ў прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадарцы і побыце. З яе здабываюць розныя хімічныя элементы і прэсную ваду. Адной з асаблівасцей водных рэсурсаў акіяна як прыроднага элемента з’яўляецца тое, што яны не могуць быць выкарыстаныя цалкам. Вада павінна ўдзельнічаць у прыродным кругавароце рэчываў як абавязковая ўмова падтрымання жыцця на Зямлі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У марской вадзе ўтрымліваецца 76 элементаў табліцы Мендзялеева. На 11 з іх прыпадае 99,98 % масы ўсіх солей, раствораных у акіяне. Гэта перш за ўсё хлор (19 г/л), яго больш за ўсё ў выглядзе хларыдаў, далей натрый (11 г/л), сера ў розных спалучэннях (3 г/л), магній (1,3 г/л), кальцый (0,4 г/л), калій (0,4 г/л), злучэнні вугляроду, стронцыю, брому, фтору і бору. Акрамя таго, у марской вадзе раствораны арганічныя і біягенныя рэчывы, а таксама газы (кісларод, азот, серавадарод, аргон і інш.). Кошт усіх рэчываў, якія змяшчаюцца ў 1 км3вады, перавышае 1 млрд долараў. У марской вадзе ўтрымліваецца каля 4 млрд т урану. У ёй растворана 10 млн т золата (запасы на сушы 35 тыс. т) і 600 млн т срэбра (запасы на сушы 130 тыс. т). Таму марскую ваду часта называюць «рудой будучыні». Здабываць з марской вады мінеральную сыравіну пры яе канцэнтрацыі ніжэйшай за канцэнтрацыю бору (4,6 мг/л) пры сучаснай тэхналогіі нявыгадна. Ідзе пошук новых спосабаў здабывання каштоўных мікраэлементаў, у тым ліку біяхімічнымі метадамі.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце акіян, дзе больш за ўсё выкарыстоўваецца марскі транспарт.

Акіянічная атмасфера ўзаемадзейнічае з гідрасферай, шмат у чым вызначаючы характар геафізічных, геахімічных і біялагічных працэсаў, што адбываюцца ў ёй. Акрамя таго, энергія ветру здаўна выкарыстоўваецца ў парусным мараплаванні.

Акіянічная біясфера забяспечвае чалавека жывёламі і расліннымі арганізмамі, неабходнымі ў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, медыцынскай практыцы і г. д. Біялагічныя рэсурсы акіяна, гэтак жа як і вада, належаць да аднаўляльных рэсурсаў, але гэта не азначае іх вечнага існавання. Пад уздзеяннем чалавека адбываецца не толькі скарачэнне аднаўлення, але і знішчэнне асобных біялагічных відаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Штогод у акіяне вылоўліваецца каля 80–90 млн т морапрадуктаў. З іх 30–35 млн т перапрацоўваецца на кармавую муку для жывёл, а астатнія складаюць каля 1 % харчавання, вырабленага на планеце. Зараз прадукты харчавання, якія атрымліваюць з воднага асяроддзя, у свеце складаюць 24 % бялку жывёльнага паходжання, значна саступаючы малочным (43 %) і мясным (35 %) прадуктам. У той жа час толькі некаторыя жывёлы ў акіяне кожны год прадукуюць да 40 млн т бялку, 8 млн т тлушчаў (у 2 разы больш, чым дае сусветная жывёлагадоўля) і 2 млн т вугляводаў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія прыродныя фактары вызначаюць біялагічную прадуктыўнасць Сусветнага акіяна?

Асаблівае значэнне ў сістэме марской гаспадаркі мае бераг, або берагавая зона, пад якой разумеецца адзінства тэрыторыі і акваторыі.

img
Мал. 38-7. Аэрафотаздымак пляжа ў Канкуне, Мексіка

Рэсурсаўтваральным фактарам у дадзеным выпадку выступае працягласць ўзбярэжжа, а параметрамі і ўласцівасцямі берагавой зоны — наяўнасць пляжаў, звілістасць лініі зрэзу вады, асаблівасці ўзаемадзеяння сушы і вады, шырыня берагавой зоны і г. д. Выкарыстоўваюць гэтыя рэсурсы многія галіны марской гаспадаркі, у тым ліку і рэкрэацыя (мал. 38-7).

iconКлуб географаў-знаўцаў. У Еўропе найбольш прывабнымі месцамі для адпачывальнікаў і турыстаў з’яўляюцца берагі Міжземнага, Чорнага, Паўночнага і Балтыйскага мораў. У Паўночнай Амерыцы вылучаецца сваёй прыцягальнасцю ўзбярэжжы Фларыды і Каліфорніі. Буйныя курорты на беразе Ціхага акіяна мае Мексіка. Знакамітыя курорты Антыльскіх і Бермудскіх астравоў, Бразіліі, Перу, Калумбіі, Венесуэлы і г. д. У Афрыцы вялікімі рэкрэацыйнымі рэсурсамі валодаюць паўночныя ўзбярэжжа Марока, Алжыра, Туніса, Лівіі і Егіпта. Спрыяльныя ўмовы для развіцця прыбярэжнага адпачынку маюцца ў Індыі, Японіі, В’етнаме, Аўстраліі і іншых рэгіёнах.

iconСвет і Беларусь. Як Беларусь можа выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна?