§ 6. АНТРАПАГЕННАЕ ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Уздзеянне трапасферных аэразоляў на парніковы эфект. Аэразолі — найдрабнейшыя часціцы цвёрдага або вадкага рэчыва, якія знаходзяцца ў паветры ці газе ў выглядзе завісі рэчываў. У атмасферы аэразольныя забруджванні ўспрымаюцца ў выглядзе дыму, туману. Па сваім паходжанні аэразолі падзяляюць на натуральныя і штучныя. Прыродныя аэразолі паступаюць у трапасферу пры вывяржэнні вулканаў, згаранні метэарытаў, узнікненні пылавых бур, а таксама пры лясных і стэпавых пажарах.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як змяняецца канцэнтрацыя аэразоляў з вышынёй?

Асноўнымі крыніцамі штучных аэразольных забруджванняў паветра з’яўляюцца цеплавыя электрастанцыі, якія спажываюць вугаль высокай попельнасці, абагачальныя фабрыкі, металургічныя, цэментавыя, магнэзітавыя, сажавыя заводы, нафтаперапрацоўчыя, нафтахімічныя і іншыя падобныя прадпрыемствы. Аэразольныя часціцы ад гэтых крыніц адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю хімічнага складу.

Аэразолі непасрэдна ўплываюць на радыяцыйны баланс Зямлі — праз паглынанне і рассейванне сонечнай радыяцыі, і ўскосна, як ядра кандэнсацыі, якія выконваюць важную ролю ва ўтварэнні і развіцці воблакаў. У цэлым аэразолі зніжаюць велічыню радыяцыйнага балансу і крыху зніжаюць антрапагенны парніковы эфект.

iconПаразважаем. Які від аэразольнага забруджвання больш небяспечны для чалавека і навакольнага асяроддзя: прыродны або антрапагенны?

iconСвет і Беларусь. Якія крыніцы штучных аэразольных забруджванняў найбольш характэрныя для Беларусі?

У адрозненне ад глабальнага ўздзеяння газаў з парніковым эфектам эфект антрапагенных атмасферных аэразоляў з’яўляецца лакальным. Геаграфічнае распаўсюджванне аэразоляў у паветры ў асноўным супадае з прамысловымі раёнамі свету.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны і рэгіёны, дзе, на вашу думку, магчыма значнае забруджванне паветра антрапагенных аэразолямі.

Гідракліматычныя наступствы антрапагеннага парніковага эфекту. Назапашванне парніковых газаў у атмасферы і наступнае ўзмацненне парніковага эфекту прыводзіць да павышэння тэмпературы прыземнага слоя паветра і паверхні глебы. За апошнія 100 гадоў сярэдняя гадавая тэмпература паветра на Зямлі павысілася прыблізна на 0,3–0,6 °С. Асабліва заўважны рост тэмпературы пачаўся з 1980-х гг.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 2019 г. рэкордна высокія тэмпературы ў Аўстраліі, Індыі, Японіі і Еўропе аказалі ўплыў на здароўе і дабрабыт людзей. У Японіі ў канцы ліпеня – пачатку жніўня 2019 г. мела месца моцная цеплавая хваля, у выніку чаго больш за 100 чалавек загінулі і яшчэ 18 000 чалавек былі шпіталізаваны. Улетку 2019 г. Еўропа перажыла дзве моцныя цеплавыя хвалі. У чэрвені цеплавая хваля, якая закранула паўднёва-заходнія раёны Цэнтральнай Еўропы, прывяла да гібелі людзей у Іспаніі і Францыі. Найбольш моцная спякота прыпала на канец ліпеня, закрануўшы большую частку Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. У Нідэрландах цеплавая хваля прывяла да 2964 смерцяў.

Аналіз глабальных даных тэмператур паветра дазволіў упершыню зрабіць навукова абгрунтаваную выснову, што рост тэмпературы абумоўлены не толькі натуральнымі ваганнямі клімату, але і дзейнасцю чалавека. Павелічэнне антрапагеннага назапашвання парніковых газаў у атмасферы прывядзе да далейшага ўзмацнення парніковага эфекту.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 2018 г. канцэнтрацыя парніковых газаў дасягнула новых максімумаў: глабальныя усярэдненыя малярныя долі двухвокісу вугляроду склалі 407,8 ± 0,1 частак на мільён, метану — 1869 ± 2 часткі на мільярд і закісу азоту — 331,1 ± 0,1 часткі на мільярд. Гэтыя значэнні складаюць, адпаведна, 147 %, 259 % і 123 % ад даіндустрыяльных узроўняў 1750 г.

У адпаведнасці са сцэнарыям найбольш верагоднай велічыні эмісіі парніковых газаў, сярэдняя сусветная тэмпература прыземнага слоя паветра за перыяд з 1990 да 2100 гг. павялічыцца прыблізна на 2 °С. Наступствы змены клімату разгледжаны ў § 7.