§ 6. АНТРАПАГЕННАЕ ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Лакальнае забруджванне паветра. У асноўным гэта экалагічная праблема вялікіх гарадоў і буйных прамысловых прадпрыемстваў, якая ўзнікла адной з першых у прамыслова развітых краінах. Найбольшага маштабу яна дасягнула прыблізна ў 1960-я гг. З тых часоў якасць паветра ў гарадах Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Японіі палепшылася дзякуючы выкананню пэўных захадаў. Але ва ўсіх вялікіх гарадах краін, якія развіваюцца, якасць паветра нізкая і працягвае пагаршацца. У гэтых краінах насельніцтва выкарыстоўвае розныя віды паліва для гатавання ежы, абагрэву памяшканняў або асвятлення. У выніку адбываецца дадатковае забруджванне паветра. Гэта адзін з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на здароўе людзей і стан гарадскіх і прыгарадных экасістэм. Забруджванне паветра павышае рызыку развіцця вострых інфекцый ніжніх дыхальных шляхоў, сардэчнасасудзiстых захворванняў, хранічных хвароб лёгкіх і рака лёгкіх.