§ 6. АНТРАПАГЕННАЕ ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Праблема выпадзення кіслотных ападкаў. У натуральных умовах атмасферныя ападкі маюць нейтральную або слабакіслую рэакцыю (рН ≥7). Кіслотныя ападкі (рН <7) бываюць двух тыпаў. Сухія, якія звычайна выпадаюць паблізу крыніцы іх паступлення ў атмасферу, і вільготныя (дождж, снег і інш.), якія распаўсюджваюцца на вялікія адлегласці.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Тэрмін «кіслотны дождж» быў уведзены ў 1872 г. шатландскім хімікам Робертам Ангусам Смітам. Ён даследаваў склад дажджавой вады паблізу буйных прамысловых гарадоў Англіі. Вынікам яго працы стала кніга «Паветра і дождж: пачатак хімічнай кліматалогіі».

img
Мал. 34. Схема ўтварэння кіслотных ападкаў і іх уздзеяння на навакольнае асяроддзе

Асноўныя кампаненты кіслотных ападкаў — аэразолі аміяку, аксідаў серы і азоту, якія пры ўзаемадзеянні з атмасфернай, гідрасфернай або глебавай вільгаццю ўтвараюць серную, азотную і іншыя кіслоты. Кіслотныя ападкі маюць як натуральнае, так і антрапагеннае паходжанне. Асноўныя прыродныя прычыны іх узнікнення — вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, разбурэнне глеб ветрам і інш. Прычыны антрапагенных кіслотных ападкаў — спальванне гаручых выкапняў, галоўным чынам вугалю, на цеплавых электрастанцыях, у кацельнях, у металургіі, нафтахімічнай прамысловасці, на транспарце і пад. (мал. 34).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Антырэкорд кіслотных ападкаў для ЗША складае рН 2,83 (гэты паказчык быў зафіксаваны над Вялікімі азёрамі ў 1982 г.), а для Еўропы — рН 2,4. Такі дождж, які больш нагадвае сталовы воцат, выпаў у шатландскім гарадку Пітлахры ў 1974 г.

Трапляючы ў вадаёмы, кіслотныя ападкі паступова знішчаюць іх флору і фаўну. Выпадаючы над палямі і лясамі, яны прыводзяць да гібелі сельскагаспадарчых пасеваў і лясной расліннасці. Нават інжынерным збудаванням такія ападкі наносяць істотную шкоду: раз’ядаюць каменныя сцены будынкаў і падточваюць жалезабетонныя апорныя канструкцыі.

На дадзены момант антрапагенныя выкіды кіслотных злучэнняў у цэлым па свеце перавышаюць сумарныя натуральныя выкіды. У Еўропе і Паўночнай Амерыцы шырока выкарыстоўваецца выкапнёвае паліва, таму там гэтыя суадносіны складаюць 90 : 10. На гэтай жа тэрыторыі пражывае каля 14 % насельніцтва свету, а ў атмасферу паступае прыкладна 70 % агульнасусветнага аб’ёму рэчываў, якія ўтвараюць антрапагенныя кіслотныя ападкі. Варта адзначыць, што роля краін, якія развіваюцца, у распаўсюджванні кіслотных ападкаў пастаянна павялічваецца.

Асноўны шлях зніжэння кіслотных ападкаў — выкарыстанне тэхналагічных прыёмаў, што змяншаюць выкіды аксідаў серы і азоту. Гэта прамыванне здробненага вугалю перад яго спальваннем, паніжэнне тэмпературы яго спальвання, выбіранне серы з адыходзячых газаў і да т. п. Іншы шлях — эканомія пры выкарыстанні энергіі.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія кліматычныя і геаграфічныя фактары спрыяюць фарміраванню, перамяшчэнню і выпадзенню кіслотных ападкаў?

Кіслотныя ападкі пераносяцца на значныя адлегласці, таму барацьба з імі павінна ажыццяўляцца на міжнародным узроўні. З гэтай мэтай у 1979 г. была прынятая еўрапейская (з удзелам ЗША і Канады) Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці. Дзякуючы выкананню яе палажэнняў дасягнуты значныя поспехі ў зніжэнні кіслотнай рэакцыі кампанентаў навакольнага асяроддзя.

icon Свет і Беларусь. Ці могуць у Беларусі выпадаць кіслотныя ападкі?