§ 5. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА АТМАСФЕРУ

Прасторава-часавыя заканамернасці распаўсюджвання розных відаў антрапагенных забруджвальнікаў атмасферы.

Маштабы забруджвання вызначаюцца магутнасцю выкідаў забруджвальных рэчываў і працягласцю іх знаходжання ў атмасферы. Яны таксама залежаць ад асаблівасцей руху паветраных плыней, якія вызначаюць працэсы рассейвання або назапашвання гэтых прымесей у атмасферы. У залежнасці ад маштабу працэсаў забруджванне можа быць глабальным, рэгіянальным і лакальным (мясцовым). Макрамасштабны цыркуляцыйны перанос паветраных мас вызначае глабальны фон атмасфернага забруджвання ад прыродных і антрапагенных крыніц. Пад рэгіянальным забруджваннем разумеецца забруджванне атмасфернага паветра на тэрыторыі радыусам да сотняў кіламетраў. Яны абумоўлены выкідамі буйных гарадоў, груп прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектаў. Мясцовае забруджванне вызначаецца сукупнасцю выкідаў лакальных крыніц і распаўсюджваецца на тэрыторыю ў дзясяткі кіламетраў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Канцэнтрацыя дыяксіду серы ў прамысловых раёнах дасягае 0,05–0,10 мг/м, у сельскіх раёнах яна ніжэйшая ў некалькі разоў, а над акіянамі — у 10–100 разоў. Канцэнтрацыя аксідаў азоту ў прамысловых раёнах звычайна каля некалькіх дзясяткаў мікраграмаў на кубічны метр, у сельскіх раёнах блізкая да 1–2 мкг/м3. Канцэнтрацыі забруджвальнікаў у атмасферы урбанізаваных раёнаў на 1–2 парадкі перавышаюць фонавыя велічыні.

iconСвет і Беларусь. У паступленне забруджвальных рэчываў у атмасферу Беларусі асноўны ўклад робяць Украіна, Польшча, Расія, Германія. У сваю чаргу, 40 % злучэнняў серы, 16 % аксідаў азоту і 43 % аманійнага азоту з крыніц на тэрыторыі Беларусі выпадае за яе межамі.

Аб’ёмы антрапагенных выкідаў істотна вышэйшыя за выкіды ад натуральных прыродных крыніц. Над любым геаграфічным пунктам могуць выпасці забруджвальныя рэчывы, якія трапілі ў атмасферу ў любой кропцы зямнога шара.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму над любым геаграфічным пунктам могуць выпасці забруджвальныя рэчывы, якія трапілі ў атмасферу ў любой іншай кропцы зямнога шара?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Мадэльныя ацэнкі паказваюць, што калі на лакальным узроўні сумарныя выкіды дыяксіду серы не перавышаюць 100 т на год, то пры пераходзе на рэгіянальны ўзровень яны дасягнуць некалькіх сотняў тысяч на год, а на глабальным перавысяць 30 млн тон за год.

iconСвет і Беларусь. Прывядзіце прыклады забруджвання паветра Беларусі на розным тэрытарыяльным узроўні.

iconПаразважаем. Чаму адрозніваюцца працэсы забруджвання паветра ў антыцыклонах і цыклонах?