§ 5. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА АТМАСФЕРУ

img
Мал. 27. Забруджванне паветра падчас працы цеплавой электрастанцыі

Крыніцы і важнейшыя кампаненты антрапагеннага забруджвання атмасферы. Асноўнымі антрапагеннымі крыніцамі забруджвання паветра з’яўляюцца цеплавыя электрастанцыі, чорная і каляровая металургія, хімічная, нафтаперапрацоўчая і нафтахімічная прамысловасць, транспарт, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і сельская гаспадарка. Кожная індустрыяльная крыніца забруджвання вылучае ў паветра дзясяткі тысяч рэчываў.

Уплыў цеплавых электрастанцый на атмасферу ў асноўным звязаны са спальваннем арганічнага паліва (мал. 27). Падчас гэтага працэсу ў паветра паступаюць сярністы і серны ангідрыд, аксіды азоту, злучэнні ванадыю, солей натрыю, вуглякіслы газ і іншыя газападобныя і цвёрдыя рэчывы.

icon Паразважаем. Ці магчыма цалкам спыніць забруджванне атмасферы ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека?

Асноўныя забруджвальныя рэчывы металургічнай прамысловасці — адходы і пабочныя прадукты на прадпрыемствах. У структуры вадкіх і газападобных выкідаў прадпрыемстваў чорнай металургіі пераважаюць аксіды вугляроду, якія складаюць амаль 78 % усіх выкідаў. На другім месцы знаходзяцца аксіды серы, на трэцім — аксіды азоту. Трохі менш выкіды пылавых часціц, забруджаных цяжкімі металамі. Сярод цяжкіх металаў асноўнымі забруджвальнікамі з’яўляюцца свінец, кадмій і ртуць.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Штогод прадпрыемствы каляровай металургіі выкідваюць у атмасферу да 3 млн т шкодных рэчываў. У асноўным гэта дыяксід серы (75 % ад сумарнага выкіду ў атмасферу), аксіды вугляроду (10,5 %) і пыл (10,4 %).

Хімічная прамысловасць аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія прымяняюць хімічныя метады перапрацоўкі рэчываў і выпускаюць хімічныя прадукты. У залежнасці ад тыпу вытворчасці ў атмасферу могуць паступаць аксіды азоту, аміяк, аксід серы, серавадарод, дыяксід вугляроду, галагенвытворныя вуглевадароды, дыяксіды і інш. Таксама ў атмасферу трапляюць аэразолі, якія ўтрымліваюць цяжкія металы, розныя арганічныя і неарганічныя рэчывы.

У выніку працы прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці ў атмасфернае паветра паступае больш за 200 відаў забруджвальных рэчываў (мал. 28). Яны ўключаюць небяспечныя канцэрагенныя рэчывы: бензапірэн, фармальдэгід, бензол, этылбензол, хром, свінец, нікель і кадмій і іншыя.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Ступень і далёкасць забруджвання атмасфернага паветра знаходзіцца ў прамой залежнасці ад аб’ёму нафты, што перапрацоўваецца, і памераў страт нафтапрадуктаў. Забруджванне вуглевадародамі, серавадародам і сярністым ангідрыдам вакол НПЗ, якія перапрацоўваюць да 3 млн т нафты на год, дасягае, як правіла, кіламетровай зоны. Павелічэнне аб’ёму перапрацоўкі нафты ў 3–4 разы павялічвае далёкасць рассейвання да 5 км.

Аўтамабілі і іншыя транспартныя сродкі належаць да мабільных крыніц забруджвання. Яны шмат у чым вызначаюць узровень забруджвання атмасферы гарадоў. У склад аўтамабільных выхлапных газаў уваходзяць каля 200 хімічных рэчываў (мал. 29). Сярод іх аксід вугляроду, лятучыя арганічныя рэчывы, аксіды азоту, вуглякіслы газ, завісь рэчываў. Пры сціранні тармазных калодак у паветра трапляюць медзь, ванадый, малібдэн, нікель, хром. Пры зносе шын — кадмій, свінец, цынк. Транспарт таксама з’яўляецца крыніцай пылу, які ўзнікае пры разбурэнні дарожных пакрыццяў і сціранні шын. Колькасць шкодных рэчываў, якія паступаюць у атмасферу, залежыць ад тыпу рухавіка, рэжыму яго працы і тэхнічнага стану аўтамабіля.

img
Мал. 28. Забруджванне паветра падчас работы нафтаперапрацоўчага завода
img
Мал. 29. Забруджванне паветра ў горадзе ад выхлапных газаў аўтамабіляў

Пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў асноўнымі крыніцамі паступлення ў атмасферу цвёрдых часціц з’яўляюцца цэментавыя і керамічныя заводы, кар’еры, прадпрыемствы па вытворчасці вапны, цэглы, асфальту і ізаляцыйных матэрыялаў.

У прыватнасці, пры вытворчасці цэменту і вапны цвёрдыя часціцы ўключаюць карбанат кальцыю, аксід кальцыю, шлак, цэмент, гліну, вугаль і інш. Пры вытворчасці цэглы і шкла — злучэнні фтору, дыяксіду серы і аксідаў азоту.

Сельскагаспадарчыя крыніцы забруджвання атмасферы — гэта жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя комплексы, энергетычныя прадпрыемствы, угнаенні і пестыцыды. У атмасферу ў асноўным паступае аміяк, серавуглярод і дробназярністыя аэразольныя часціцы.

Забруджванне атмасфернага паветра з’яўляецца адной з асноўных праблем экалагічнага стану навакольнага асяроддзя. Яно непасрэдна ўздзейнічае на біёту, зніжае прадукцыйнасць экасістэм, парушае іх здольнасць да самааднаўлення, пагаршае здароўе людзей.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Па статыстыцы, сабранай у ЗША, у гарадах з высокім забруджваннем паветра колькасць захворванняў вышэйшая на 15–17 %, чым у сельскай мясцовасці. У экасістэмах гарадоў і прылеглых тэрыторый назапашваюцца шкодныя рэчывы (напрыклад, цяжкія металы), а расліннасць трансфармавана ці прыгнечана. Радыус зоны шкодных уздзеянняў дасягае некалькіх дзясяткаў кіламетраў.

У спіс забруджвальных рэчываў, прыярытэтных для маніторынгу атмасфернага паветра на фонавых станцыях, уваходзяць завісь часціц, азон, аксіды і дыяксіды вугляроду і азоту, вуглевадароды, фрэоны, цяжкія металы, арганічныя злучэнні хлору і інш.

icon Свет і Беларусь. Маніторынг атмасфернага паветра ў Беларусі праводзіцца ў 19 гарадах і на станцыі фонавага маніторынгу, размешчанай у Бярэзінскім запаведніку. Усяго ж у нашай краіне 66 станцый, у тым ліку 16 аўтаматычных. Рэгулярнымі назіраннямі ахоплена тэрыторыя, на якой пражывае 87 % насельніцтва буйных і сярэдніх гарадоў Беларусі. Назавіце самыя забруджаныя гарады Беларусі.

Асаблівую рызыку для здароўя чалавека ўяўляюць цвёрдыя часціцы, двухвокісы серы і азоту, прыземны азон. Высокая канцэнтрацыя гэтых рэчываў адзначаецца ў гарадскіх раёнах краін з нізкім і сярэднім узроўнем жыцця насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 г. забруджванне атмасфернага паветра ў гарадах і сельскіх раёнах прывяло да 4,2 млн выпадкаў заўчаснай смерці. 91 % гэтых выпадкаў прыпадае на краіны з нізкім і сярэднім узроўнем жыцця насельніцтва. Каля 58 % выпадкаў заўчаснай смерці, звязанай з забруджваннем атмасфернага паветра, сталі вынікам ішэмічнай хваробы сэрца і інсульту, 18 % — вынік хранічнай хваробы лёгкіх ці вострых інфекцый ніжніх дыхальных шляхоў і 6 % — вынік рака лёгкіх.

Цвёрдыя часціцы негатыўна ўздзейнічаюць на большую колькасць людзей, чым які-небудзь іншы забруджвальнік паветра. Асноўнымі іх кампанентамі з’яўляюцца сульфаты, нітраты, аміяк, хлорысты натрый, сажа, мінеральны пыл і вада. Яны знаходзяцца ў паветры ў выглядзе складанай сумесі цвёрдых і вадкіх арганічных і неарганічных рэчываў. Пастаяннае ўздзеянне цвёрдых часціц прыводзіць да развіцця сардэчна-сасудзістых і рэспіраторных захворванняў, а таксама рака лёгкіх.

Двухвокіс серы ўздзейнічае на дыхальную сістэму і функцыі лёгкіх, выклікае раздражненне вачэй. Запаленне дыхальных шляхоў прыводзіць да кашлю, выдзялення слізі, абвастрэння астмы і развіцця хранічнага бранхіту, робіць людзей больш схільнымі да інфекцый дыхальных шляхоў. У дні з павышаным узроўнем канцэнтрацыі двухвокісу серы павялічваецца колькасць выпадкаў шпіталізацыі з хваробамі сэрца і смяротнасць.

Узаемадзеянне аксідаў азоту з сярністым ангідрыдам, кіслародам, вуглевадародамі абумоўлівае фотахімічнае забруджванне атмасферы. У хворых на астму працяглае ўздзеянне дыяксіду азоту ўзмацняе сімптомы захворвання, пагаршае функцыі лёгкіх.

Акрамя азону, які ўтварае ахоўны слой у атмасферы на вышыні ад 12 да 50 км, у паветры каля паверхні Зямлі назіраецца прыземны азон. Ён утвараецца ў выніку хімічных рэакцый паміж аксідамі азоту і лятучымі арганічнымі злучэннямі ў прысутнасці сонечнага выпраменьвання. Асноўнымі крыніцамі аксідаў азоту і лятучых арганічных злучэнняў з’яўляюцца выкіды прамысловых прадпрыемстваў, цеплавых электрастанцый і аўтатранспарту. Самы высокі ўзровень забруджвання паветра прыземным азонам адзначаецца ў сонечнае надвор’е. Прыземны азон — небяспечны забруджвальнік паветра. Гэта адзін з галоўных кампанентаў гарадскога смогу. Азон, які змяшчаецца ў паветры ў залішняй колькасці, можа прывесці да праблем з дыханнем, справакаваць астму і выклікаць хваробы лёгкіх. Ён пашкоджвае пасевы сельскагаспадарчых культур, дрэвы і іншую расліннасць.