§ 5. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА АТМАСФЕРУ

Уплыў дзейнасці чалавека на атмасферу, клімат і надвор’е. Змена энергетычнага i воднага рэжымаў, газавага складу атмасферы і клімату Зямлі адбываецца ў выніку буйнамаштабных і лакальных антрапагенных пераўтварэнняў прыроды: здабычы карысных выкапняў, узнікнення і развіцця гарадоў, стварэння арашальных і іншых земляробчых сістэм, пераўтварэння пашы, будаўніцтва вадасховішчаў і г. д.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Лічыцца, што да сярэдзіны XIX ст. колькасць кіслароду ў атмасферы была адносна стабільнай. У нашы дні толькі спальванне паліва прыводзіць да расходавання 10 млрд т свабоднага кіслароду ў год. Легкавы аўтамабіль на кожныя 100 км прабегу выкарыстоўвае гадавы кіслародны «паёк» аднаго чалавека, а ўсе аўтамабілі забіраюць столькі кіслароду, колькі хапіла б для 5 млрд чалавек на працягу года. За адзін трансатлантычны рэйс рэактыўны лайнер спальвае 35 т кіслароду.

Усе пералічаныя змены ствараюць сур’ёзныя геаэкалагічныя праблемы. Да іх належаць забруджванне атмасферы, парушэнне натуральнага стану азонавага слоя, павышэнне кіслотнай рэакцыі кампанентаў навакольнага асяроддзя, антрапагеннае змяненне клімату.