§ 4-1. АТМАСФЕРА

Асноўныя клімаўтваральныя працэсы (мал. 22-2), іх роля ў фарміраванні клімату і надвор’я.

img
Мал. 22-2. Асноўныя кліматаўтваральныя працэсы

Цеплаабарот уключае складаныя працэсы атрымання, перадачы, пераносу і страты цяпла ў сістэме “Зямля — атмасфера”. Акрамя абмену цяпла шляхам выпраменьвання паміж зямной паверхняй і атмасферай адбываецца абмен цяпла за кошт цеплаправоднасці. Асабліва важную ролю адыгрывае вертыкальнае перамешванне паветра. Значная частка сонечнага цяпла затрачваецца на выпарэнне вады. Пры кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы гэтае цяпло награвае паветра. Найважнейшым працэсам у цеплаабароце з’яўляецца гарызантальны перанос цяпла паветранымі плынямі.

iconСвет і Беларусь. Якія асаблівасці характэрны для цеплавога рэжыму тэрыторыі Беларусі?

Акрамя цеплаабароту паміж зямной паверхняй і атмасферай адбываецца пастаянны абарот вады, або вільгацеабарот.

iconПаразважаем. Чаму адбываецца абледзяненне самалётаў? У якой ступені гэта небяспечна для іх?

Колькасць ападкаў і іх размеркаванне па сезонах уплываюць на расліннае покрыва і земляробства. Ад іх таксама залежаць умовы сцёку, рэжым рэк, узровень азёр і іншыя гідралагічныя з’явы. Вышыня снежнага покрыва вызначае прамярзанне глебы і рэжым шматгадовай мерзлаты.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце рэгіёны, дзе выпадае мінімальная і максімальная колькасць атмасферных ападкаў.

img
Мал. 22-3. Агульная цыркуляцыя атмасферы

Нераўнамернае размеркаванне цяпла ў атмасферы прыводзіць да нераўнамернага размеркавання атмасфернага ціску. Яно выклікае рух паветра адносна зямной паверхні, якое называецца ветрам. На асаблівасці руху паветра адносна зямной паверхні вялікі ўплыў аказвае сутачнае кручэнне Зямлі. Маштабы гарызантальных атмасферных рухаў змяняюцца ў вельмі шырокіх межах.

Сістэму буйнамаштабных паветраных плыняў на Зямлі называюць агульнай цыркуляцыяй атмасферы (мал. 22-3). Асноўнымі элементамі агульнай цыркуляцыі атмасферы з’яўляюцца цыклоны і антыцыклоны, г. зн. хвалі і віхры памерам у некалькі тысяч кіламетраў, якія пастаянна ўзнікаюць і разбураюцца ў атмасферы. З паветранымі плынямі ў сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы звязаны асноўныя змены надвор’я і клімату.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як цыркуляцыя атмасферы ўплывае на размеркаванне ападкаў і тэмпературы паветра?

Акрамя паветраных плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы кліматаўтваральнае значэнне маюць і цыркуляцыі значна меншага маштабу (брызы, горна-далінныя вятры і інш.). Яны называюцца мясцовымі вятрамі.

Катастрафічныя з’явы надвор’я звязаны з віхрамі малога і сярэдняга маштабу: смерчамі, тарнада, трапічнымі цыклонамі. Вецер выклікае хваляванне водных паверхняў, многія акіянічныя цячэнні, дрэйф льдоў. Ён з’яўляецца важным фактарам эразійных працэсаў і ўтварэння рэльефу.

Акрамя кліматаўтваральных працэсаў фарміраванне клімату і надвор’я вызначаюць астранамічныя і геаграфічныя фактары (мал. 22-4).

img
Мал. 22-4. Астранамічныя і геаграфічныя фактары, якія вызначаюць клімат і надвор’е