§ 4-1. АТМАСФЕРА

Утварэнне атмасферы. На працягу геалагічнай гісторыі Зямлі атмасфера і клімат пастаянна змяняліся пад уплывам астранамічных і зямных фактараў. Зямля паўстала з газапылавога воблака. У яго склад уваходзілі вадарод і гелій, з якіх утварылася першая атмасфера Зямлі. Гэтае воблака вылучалася вельмі нізкай тэмпературай. Таму ўсе астатнія яго элементы былі ў цвёрдым стане. У выніку гравітацыйнага сціскання планеты і распаду ўнутры яе радыеактыўных элементаў Зямля разагрэлася. Газы, што вылучыліся з яе нетраў (вуглякіслы газ, аміяк, метан, серавадарод), замянілі гелій і вадарод і ўтварылі другасную атмасферу.

img
Мал. 22-1. Змяненне газавага складу атмасферы

Наступны этап развіцця атмасферы быў пераходным ад аднаўляльных хімічных умоў да акісляльных. Галоўнымі складнікамі газавай абалонкі Зямлі сталі азот, вуглякіслы газ, аксід вугляроду. Гэтак жа ў ёй ўтрымліваліся невялікая колькасць метану і кіслароду. З пачатку палеазою (570 млн гадоў таму) да сярэдзіны дэвонскага перыяду канцэнтрацыя кіслароду ў атмасферы складала менш за палову сучаснай, а ўтрыманне вуглякіслага газу было ў 10 разоў больш (мал. 22-1).

Апошні этап развіцця азотна-кіслароднай атмасферы звязаны са з’яўленнем жыцця на Зямлі і ўзнікненнем фотасінтэзу. Колькасць кіслароду стала ўзрастаць. У канцы дэвону і ў каменнавугальны перыяд узмацняюцца працэсы вулканізму і актыўна развіваецца наземная расліннасць. Гэта прыводзіць да рэзкага павелічэння колькасці кіслароду ў атмасферы. У пачатку юрскага перыяду яго канцэнтрацыя перавышала сучасны ўзровень у 1,5 разы. У сярэдзіне мелавога перыяду адбылося зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду да сучаснага ўзроўню. Паралельна з гэтым атмасфера амаль цалкам страціла вуглякіслы газ. Сучасныя змены газавага складу атмасферы, акрамя прыродных фактараў, шмат у чым вызначаюцца дзейнасцю чалавека.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У цяперашні час чыстае і сухое паветра на ўзроўні мора складаецца з азоту (78,08 %), кіслароду (20,94 %), аргону (0,93 %), вуглякіслага газу (0,03 %) і іншых газаў (0,02 %).

У атмасферы адбываюцца фізічныя працэсы, якія бесперапынна змяняюць яе стан. Фізічны стан атмасферы каля зямной паверхні і ў ніжніх 30–40 км на дадзены момант часу завецца надвор’ем. Надвор’е характарызуецца метэаралагічнымі элементамі (тэмпература, ціск, вільготнасць паветра, вецер, дождж, атмасферныя ападкі) і атмасфернымі з’явамі (навальніца, туман, пыльная бура, завіруха і інш.).

У любым месцы Зямлі надвор’е змяняецца па-рознаму. Аднак пры ўсіх адрозненнях асобных дзён, месяцаў і гадоў кожную мясцовасць можна характарызаваць пэўным кліматам. Клімат залежыць ад геаграфічнага палажэння мясцовасці і асаблівасцей зямной паверхні (рэльеф, глебавае покрыва і інш.). У межах ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень гадоў клімат мае пэўную ўстойлівасць. У XX ст. істотны ўплыў на клімат стала аказваць гаспадарчая дзейнасць чалавека.

Крыніцай энергіі атмасферных працэсаў з’яўляецца сонечная радыяцыя, якая прыходзіць да Зямлі ад Сонца.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Колькасць цяпла, якую атрымлівае зямная паверхня ад Сонца ў сярэднім за год, у 30 тыс. разоў большая за цяпло, якое ідзе з нетраў Зямлі, і ў 30 млн разоў большая за энергію ад выпраменьвання зорак і планет.