§ 2. ПРЫРОДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ ТРАНСФАРМАЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Зона шматгадовай мерзлаты на Зямлі ахоплівае каля 35 млн км2, або амаль 25 % сушы. Яна займае значную частку Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, Антарктыду і яе шэльфавую зону, усе астравы Паўночнага Ледавітага акіяна і частку высакагорных абласцей. Тоўшча шматгадовамёрзлых парод неаднастайная. У ёй часта сустракаюцца ўключэнні лёду рознай формы і магутнасці. Асабліва буйнымі бываюць слаі выкапнёвага лёду, што ўтварыўся ў эпоху абледзянення і перакрытага друзлымі адкладамі.

На шматгадовай мерзлаце ляжыць слой грунту, які адтае́ летам і замярзае зімой. Ён завецца дзейным слоем. Яго магутнасць вагаецца ад некалькіх сантыметраў да 5–7 м. Гэта залежыць ад кліматычных умоў, складу горных парод, расліннага покрыва, экспазіцыі схілаў і іншых фактараў.