§ 2. ПРЫРОДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ ТРАНСФАРМАЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Яравая эрозія шырока распаўсюджана ў паўднёвай частцы лясной зоны, у лесастэпавай і стэпавай зонах. Тут яе развіццю спрыяе характар покрыўных адкладаў, значная раздзеленасць рэльефу, рэжым раставання снегу і ліўні. Садзейнічае ўтварэнню яроў няправільнае ўзворванне зямель, высечка лесу і масавы выпас жывёлы. Яравая эрозія мае вялікі ўплыў на змяненне навакольнага асяроддзя. Яры робяць тэрыторыю нязручнай для гаспадарчай дзейнасці.

Эрозія глебы вядзе да разбурэння ўрадлівага гумусавага гарызонту. Яна змяншае ўтрыманне ў глебе арганічнага рэчыва, азоту і іншых мінеральных рэчываў, неабходных для жыўлення раслін. Усё гэта вядзе да вялікіх матэрыяльных страт, звязаных са зніжэннем ураджайнасці і пагаршэннем умоў апрацоўкі глеб.