§ 2. ПРЫРОДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ ТРАНСФАРМАЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

У сярэднім за год вулканы выкідваюць прыкладна 2 млрд т вулканічнага попелу. З-за гэтага пры вывяржэнні вулканаў памяншаюцца празрыстасць паветра і сонечная радыяцыя, павялічваюцца воблачнасць і колькасць ападкаў. Пры вывяржэнні вулканаў у атмасферу паступае вялікая колькасць газаў: вуглякіслы газ, галоіды (хларыды, фтарыды), сярністы газ, серавадарод, аміяк, мыш’як, бор, цяжкія металы і інш. Павышанае ўтрыманне ў паветры шкодных рэчываў негатыўна ўплывае на здароўе людзей. Вывяржэнні вулканаў па часе дзеяння могуць быць хуткімі, працягласцю да некалькіх дзён, а могуць эпізадычна паўтарацца на працягу доўгага часу.