§ 1. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ФУНКЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Роля біёты, чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці ў вялікім (геалагічным) кругавароце рэчываў. Са з’яўленнем біясферы геалагічны кругаварот набыў цалкам новыя рысы, бо ў вялікі кругаварот рэчываў уключыліся прадукты жыццядзейнасці арганізмаў. Ён стаў пастаўшчыком пажыўных рэчываў жывым арганізмам, шмат у чым вызначаючы ўмовы іх існавання. У вялікім кругавароце рэчываў удзельнічае велізарная колькасць хімічных элементаў і злучэнняў. Найважнейшыя з іх тыя, што вызначаюць сучасны этап развіцця біясферы і звязаны з гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Да іх адносяцца кругаварот вугляроду, серы, азоту і фосфару. Аксіды першых трох з’яўляюцца галоўнымі забруджвальнікамі атмасферы, а фасфаты — забруджвальнікамі водных басейнаў. Вялікае значэнне мае веданне кругавароту шэрага таксічных элементаў, у прыватнасці ртуці (забруджвальнік харчовых прадуктаў) і свінцу (кампанент бензіну, які забруджвае глебу і атмасферу).

У кругаварот уцягваюцца шматлікія рэчывы антрапагеннага паходжання (ДДТ, пестыцыды, радыенукліды і інш.), якія наносяць шкоду біёце і здароўю чалавека.