§ 1. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ФУНКЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Геаэкалагічныя функцыі літасферы. Пад геаэкалагічнымі функцыямі літасферы разумеюць усю разнастайнасць уласцівасцей, якія вызначаюць яе ролю ў жыццезабеспячэнні біёты і чалавечага грамадства. Іх можна звесці да чатырох асноўных груп (мал. 5).

img
Мал. 5. Геаэкалагічныя функцыі літасферы

Сучасны стан геаэкалагічных функцый літасферы абумоўлены развіццём прыроды Зямлі, уздзеяннем чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці.

icon
Клуб географаў-знаўцаў. У геалагічнай гісторыі Зямлі можна вылучыць два асноўныя часавыя этапы. Першы этап — прыродны, ад зараджэння жыцця на Зямлі (каля 3,5 млрд гадоў таму) да з’яўлення чалавечай цывілізацыі. Другі этап — прыродна-тэхнагенны, які ахоплівае часавы інтэрвал каля 400 гадоў і характарызуецца значным уплывам дзейнасці чалавека.

Рэсурсная геаэкалагічная функцыя літасферы вызначае ролю мінеральных і арганічных рэсурсаў, геалагічнай прасторы літасферы для жыццядзейнасці біёты і чалавечага грамадства.

Рэсурсы літасферы, неабходныя для жыцця біёты, у тым ліку і чалавека як біялагічнага віду, прадстаўлены двума складнікамі: 1) горнымі пародамі, якія ўключаюць растваральныя элементы, жыццёва неабходныя арганізмам і названыя біягеннымі элементамі; 2) мінераламі, што змяшчаюць рэчывы, якія з’яўляюцца ежай для жывёл.

Біягенныя элементы і іх злучэнні, якія неабходны біёце ў вялікай колькасці, называюць макрабіягеннымі, у малой колькасці — мікрабіягеннымі (мал. 6). Яны ўдзельнічаюць у працэсах фотасінтэзу і метабалізму раслін. Жывёлам неабходны гэтыя ж элементы (акрамя бору), а таксама ёд, кобальт, нікель, волава, селен, фтор, хром.

img
Мал. 6. Біягенныя элементы
icon
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму біягенныя элементы настолькі важныя для раслін, жывёл і чалавека? Прывядзіце прыклады ўплыву лішку або недахопу асобных біягенных элементаў на арганізм чалавека.

Мінеральныя рэсурсы, неабходныя для жыцця і дзейнасці чалавечага грамадства, адносяцца да катэгорыі неаднаўляльных. Асабліва важная іх роля ў сацыяльнаэканамічным развіцці чалавецтва.

icon
Папрацуем з атласам. Карыстаючыся картамі атласа, назавіце краіны, якія найбольш багатыя карыснымі выкапнямі.
icon
Клуб географаў-знаўцаў. З нетраў здабываецца каля 200 відаў карысных выкапняў, якія ўключаюць усе элементы табліцы Мендзялеева. Гадавы аб’ём сусветнай здабычы мінеральнай сыравіны дасягае каля 17–18 млрд т горнай масы ў год. Па прагнозах некаторых эканамістаў, запасы многіх відаў мінеральнай сыравіны скончацца да 2050 г.
icon

Свет і Беларусь. Беларусь займае 3-е месца ў свеце па запасах калійных солей. Ужо разведана 7,7 млрд т солі. Разведаныя запасы каменнай солі складаюць 21 млрд т. Успомніце, якія віды карысных выкапняў разведаны ў Рэспубліцы Беларусь, але не здабываюцца. Чаму?

Важным рэсурсам для рассялення і існавання чалавека і біёты з’яўляецца паверхня літасферы. Зараз на Зямлі асвоена каля 60 % плошчы сушы. Інтэнсіўна асвойваецца падземная прастора літасферы, асабліва на ўрбанізаваных тэрыторыях і ў месцах пахавання і складзіравання экалагічна небяспечных (таксічных і радыеактыўных) адходаў.

Геадынамічная геаэкалагічная функцыя літасферы адлюстроўвае ўплыў літасферы на стан біёты, бяспеку і камфортнасць пражывання чалавека.

Усе неспрыяльныя прыродныя і антрапагенныя геалагічныя працэсы, якія ўздзейнічаюць на стан біёты, можна падзяліць на дзве прынцыпова розныя групы.

Працэсы і з’явы першай групы ўяўляюць непасрэдную пагрозу існаванню біёты, у тым ліку чалавека. Да іх належаць землетрасенні, вывяржэнні вулканаў, цунамі, апоўзні, селі, лавіны, адвалы і правалы (мал. 7–10).

img
Мал. 7. Вывяржэнне вулкана Этна, Італія (2019)
img
Мал. 8. Наступствы цунамі, Інданезія (2004)
img
Мал. 9. Наступствы землетрасення, Турцыя (2019)
img
Мал. 10. Апоўзень, Японія (2018)

Працэсы і з’явы другой групы не нясуць непасрэднай пагрозы існаванню біёты. Яны ўплываюць на змяненне ўмоў яе жыццядзейнасці і камфортнасць пражывання чалавека. Гэта эразійны працэсы, забалочванне, шматгадовая мерзлата.

icon

Геаэкалагічных наступствы — змены навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці чалавека, якія ўзнікаюць у выніку негатыўнага ўздзеяння антрапагенных і прыродных фактараў.

Геахімічная геаэкалагічная функцыя літасферы адлюстроўвае ўласцівасць геахімічных палёў літасферы прыроднага і тэхнагеннага паходжання ўплываць на стан біёты і чалавека.

Пад геахімічнай анамаліяй разумеецца тэрыторыя, у межах якой канцэнтрацыя хімічных элементаў або іх злучэнняў адрозніваецца ад прыродных фонавых (сярэдніх) значэнняў. Геахімічныя анамаліі ўтвараюцца ў глебах, горных пародах, донных асадках, снежным покрыве, паверхневых і падземных водах, атмасферным паветры.

Зона забруджвання — гэта геахімічная анамалія, абумоўленая гаспадарчай дзейнасцю чалавека. У яе межах забруджвальныя рэчывы дасягаюць канцэнтрацыі, што неспрыяльна ўздзейнічае на жывыя арганізмы.

Большасць геахімічных анамалій з’яўляецца месцам развіцця асаблівых біяцэнозаў і можа стаць прычынай эндэмічных захворванняў раслін, жывёл і чалавека. Анамаліі таксічных металаў і іх злучэнняў (свінец, ртуць, радзей мыш’як, медзь, цынк і інш.) у літасферы ў асноўным звязаны з радовішчамі карысных выкапняў.

icon

Свет і Беларусь. У Беларусі адзначаюцца паляганне травы (недахоп медзі), гніль каранёў раслін (недахоп бору), захворванні шчытападобнай залозы ў чалавека (недахоп ёду).

Геахімічныя анамаліі, абумоўленыя дзейнасцю чалавека, па сіле і глыбіні ўздзеяння на біёту і здароўе людзей значна пераўзыходзяць прыродныя. Гэта звязана з больш высокай канцэнтрацыяй таксічных элементаў і высокай хуткасцю працэсу забруджвання на гэтых тэрыторыях. Зоны тэхнагеннага забруджвання знаходзяцца да раёнаў інтэнсіўнай прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, транспартных магістраляў і населеных пунктаў.

Геафізічная геаэкалагічная функцыя літасферы адлюстроўвае ўласцівасці яе геафізічных палёў прыроднага і тэхнагеннага паходжання ўплываць на біёту і чалавека.

Геафізічная анамалія — гэта тэрыторыя, у межах якой паказчыкі фізічнага поля Зямлі значна адрозніваюцца ад прыродных фонавых (сярэдніх) значэнняў.

Вылучаюць натуральныя фізічныя палі (магнітнае, гравітацыйнае, геатэрмічнае і інш.) і штучныя (электрычныя палі пастаянных токаў, вібрацыйнае, радыяцыйнае і інш.).

Геапатагенныя зоны — вобласці анамальнага праяўлення ўласцівасцей атмасферы, гідрасферы, літасферы і глыбінных нетраў Зямлі, якія негатыўна ўплываюць на расліны, жывёл і чалавека.

Анамаліі геафізічных палёў звязаны з зонамі тэктанічных парушэнняў, рыфтавымі і іншымі структурамі літасферы. У межах гэтых анамалій назіраюцца ачагі павышанай захворвальнасці і праявы функцыянальных расстройстваў жывых арганізмаў.

Магнітныя палі ўздзейнічаюць непасрэдна на нервовыя клеткі мозга чалавека. Моцныя электрычныя палі адмоўна ўплываюць на яго цэнтральную нервовую сістэму.

icon
Клуб географаў-знаўцаў. Даказана, што любы жывы арганізм рэагуе на электрамагнітныя палі. Нават ва ўмовах звычайнага рэжыму працы электратэхнічных і радыетэхнічных прылад іх уздзеянне можа прыводзіць да страты апетыту, галаўнога болю, пагаршэння памяці, хуткай стамляльнасці чалавека.

Уздзеянне вібрацыйных палёў прыводзіць да павышанай стамляльнасці, тармажэння рухальных рэакцый, парушэння каардынацыі руху чалавека. Працяглы ўплыў — да парушэння работы сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, нервовых расстройстваў, пашкоджання мышц і суставаў.

icon
Паразважаем. Як можна зменшыць адмоўнае ўздзеянне геахімічных і геафізічных працэсаў літасферы на чалавека і яго гаспадарчую дзейнасць?

Пры землетрасеннях узнікаюць ультрагукавыя і інфрагукавых хвалі (акустычныя палі). Ультрагукавыя хвалі выклікаюць у чалавека галюцынацыі, а інфрагукавыя — страх і паніку. Такія сітуацыі магчымы не толькі ў выпадку моцных землетрасенняў, але і пры пастаянным уздзеянні серыі слабых землетрасенняў (магнітуда 2–3). Уздзеянне гравітацыйнага поля Зямлі на чалавека практычна не вывучана. Пакуль можна толькі меркаваць, што яно ўплывае на арганізм чалавека і яго псіхіку. Уздзеянне іянізавальнай радыяцыі радыяцыйнага поля на жывыя арганізмы вывучаецца з канца мінулага стагоддзя. Вялікія дозы радыяцыі разбураюць клеткі, пашкоджваюць тканкі органаў і могуць быць прычынай прамянёвай хваробы. Малыя дозы радыеактыўнага апраменьвання прыводзяць да ракавых захворванняў і генетычных адхіленняў.

icon
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму існуе ўзаемасувязь геахімічнай і геафізічнай функцый літасферы з медыцынай?
icon

Вялікі (геалагічны) кругаварот рэчываў — пастаяннае перамяшчэнне рэчываў з нетраў Зямлі на яе паверхню, якое ажыццяўляецца рознымі спосабамі (вулканы, рыфтавыя расколіны, разломы і г. д.), і зваротны паток рэчываў у нетры (выветрыванне, эрозія, утварэнне ападкавых адкладаў і г. д.).

Крышталічныя (магматычныя) горныя пароды пад уздзеяннем фізічных, хімічных і біялагічных фактараў разбураюцца. Рыхлыя асадкі па меры іх апускання на глыбіню азёр, мораў і акіянаў страчваюць ваду, цвярдзеюць і ператвараюцца ў асадкавыя горныя пароды. Пад уздзеяннем патокаў эндагеннай энергіі глыбінныя пароды пераплаўляюцца, утвараючы магму — крыніцу новых магматычных парод. Пасля пад’ёму гэтых парод на паверхню Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання і пераносу зноў адбываецца іх трансфармацыя ў новыя асадкавыя пароды (мал. 11).

img
Мал. 11. Вялікі (геалагічны) кругаварот рэчываў (тонкія стрэлкі) і змена разнастайнасці ў зямной кары (суцэльныя шырокія стрэлкі — рост разнастайнасці, перарывістыя — змяншэнне разнастайнасці)

Такім чынам, вялікі кругаварот абумоўлены ўзаемадзеяннем сонечнай (экзагеннай) энергіі з глыбіннай (эндагеннай) энергіяй Зямлі. Ён пераразмяркоўвае рэчывы паміж біясферай і больш глыбокімі гарызонтамі нашай планеты.