§ 1-1 ЛІТАСФЕРА

Сучасныя ўяўленні пра тэктанічныя працэсы і ўтварэнне тэктанічных структур. Тэктанічныя працэсы — механічныя рухі зямной кары пад уздзеяннем унутранай (цеплавой, радыеактыўнай, хімічнай) энергіі Зямлі, якія фарміруюць тэктанічныя структуры.

Тэктанічныя працэсы аб’ядноўваюць паняцці “тэктанічныя напружанні” і “тэктанічныя рухі”. Тэктанічныя напружанні — гэта сумарная велічыня эндагенных сіл на адзінку аб’ёму зямной кары. Эндагенныя сілы — гэта сілы гравітацыі, руху цеплавых патокаў і г. д. Яны ствараюць тэктанічныя напружанні ў зямной кары і фарміруюць вобласці сціскання і расцяжэння. У выніку гэтага парушаецца раўнавага і пачынаецца рух блокаў зямной кары адносна адзін аднаго — адбываюцца тэктанічныя рухі. Усе тэктанічныя рухі можна падзяліць на тры групы (мал. 1-1).

img
Мал. 1-1. Групы тэктанічных рухаў

Вагальныя тэктанічныя рухі — гэта павольныя працяглыя ўзняцці і апусканні зямной кары. Яны адбываюцца ва ўсіх частках зямнога шара і адрозніваюцца па плошчы распаўсюджвання і працягласці свайго развіцця. У залежнасці ад таго, у які геалагічны час адбываліся вагальныя тэктанічныя рухі, яны падзяляюцца на рухі мінулых геалагічных эпох, навейшыя рухі, якія доўжыліся на працягу неагену і антрапагену (25 млн гадоў), і сучасныя — праяўляюцца на працягу апошніх 6000 гадоў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У якасці прыкладу апусканняў зямной кары можна прывесці тэрыторыю Нідэрландаў. Значная яе частка на дадзены момант знаходзіцца ніжэй за ўзровень Паўночнага мора. Але калісьці гэтая краіна знаходзілася вышэй за ўзровень мора. Ад уварвання мора яе абараняюць доўгія і высокія дамбы, пачатак будаўніцтва якіх прыпадае на Х–ХІ стст. Па меры апускання зямной кары гэтыя дамбы надбудоўваюцца, і вышыня іх дасягае 15 і больш метраў. Хуткасць апускання складае каля 0,5–0,7 мм/год. Прыкладам уздыму зямной кары з’яўляюцца раёны Паўночнай Швецыі і Фінляндыі, якія прымыкаюць да Батнічнага заліва. Асабліва гэта відаць на размяшчэнні партовых збудаванняў, частка з якіх цяпер апынулася далёка ад мора.

Складкаватыя і разрыўныя тэктанічныя рухі па асаблівасцях праходжання і геалагічных выніках значна адрозніваюцца ад вагальных. Яны не доўгія па часе і ў гісторыі Зямлі чаргуюцца з перыядамі працяглага спакою; з’яўляюцца неабарачальнымі; маюць больш высокія амплітуды і хуткасці; часта суправаджаюцца магматызмам.

Складкі бываюць антыклінальнымі (пукатасцю ўверх) і сінклінальнымі (пукатасцю ўніз). Разрыўныя тэктанічныя парушэнні цесна звязаны са складкаўтварэннем. Калі напружанне ў зямной кары перавышае мяжу трываласці горных парод, складкаватыя дэфармацыі пераходзяць у разрыўныя. Дзейнічаючы на працягу ўсёй геалагічнай гісторыі Зямлі, тэктанічныя рухі перашкаджаюць выраўноўванню рэльефу зямной паверхні, ствараюць умовы для развіцця экзагенных геалагічных працэсаў.

icon Свет і Беларусь. Якія тэктанічныя працэсы характэрныя для тэрыторыі Беларусі? Прывядзіце прыклады гэтых працэсаў.

icon Паразважаем. Якія сучасныя геаінфармацыйныя і касмічныя тэхналогіі можна выкарыстоўваць для вывучэння тэктанічных рухаў?