Уводзiны

Асаблівасці геаграфічнага падыходу да вывучэння глабальных праблем. У пачатку XXI ст. геаграфічная навука выйшла на якасна новы ўзровень развіцця. Гэта абумоўлена павелічэннем яе значэння для разумення складаных прыродных, сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных працэсаў, якія адбываюцца на нашай планеце, важнай роляй у вырашэнні праблем аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды. Геаграфічны падыход заснаваны на комплексным аналізе глабальных праблем чалавецтва з улікам іх асаблівасцей на розных тэрытарыяльных узроўнях. З пазіцыі геаграфічнага падыходу можна вылучыць дзве асноўныя групы глабальных праблем чалавецтва: геаэкалагічныя і сацыяльна-эканамічныя.

icon

Геаэкалагічныя глабальныя праблемы — сукупнасць прыроднаэкалагічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць стан навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця і дзейнасці чалавека.

icon

Сацыяльна-эканамічныя глабальныя праблемы — сукупнасць праблем геапалітычнага, дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару, вырашэнне якіх магчыма толькі пры міжнародным супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў і ад вырашэння якіх залежаць умовы і характар асяроддзя жыццядзейнасці чалавека.

Рост колькасці насельніцтва Зямлі і павелічэнне яго патрэб паставілі перад чалавецтвам задачы забеспячэння людзей:

  • • харчаваннем неабходнай каларыйнасці і складу;
  • • вадой прымальнай колькасці і якасці;
  • • тэрыторыяй для жыцця і дзейнасці;
  • • энергіяй і прадуктамі індустрыяльнай вытворчасці, якая не прыводзіць да значнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

Большасць гэтых патрэб задавальняюцца дзякуючы надзейнаму функцыянаванню геаграфічнай абалонкі. У адносінах да задач устойлівага развіцця чалавецтва геаграфічная абалонка выконвае чатыры асноўныя функцыі (мал. 3).

img
Мал 3. Функцыі геаграфічнай абалонкі

Чалавек значна, і часта неўсвядомлена, ператвараў Зямлю ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці. Асабліва вялікія змены, што ахапілі прыродную і грамадскую сферы, адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі. Сучасныя ўяўленні пра эканамічнае развіццё фактычна садзейнічаюць вычарпанню прыродных рэсурсаў.

Эканоміка ўсіх краін у цэлым арыентавана на рост аб’ёму вытворчасці. Асноўны агульнапрыняты паказчык паспяховага развіцця любой краіны свету — рост валавога нацыянальнага прадукту (ВНП). Пры гэтым у складзе ВНП не прадугледжваюцца геаэкалагічныя паказчыкі, якія адлюстроўваюць забруджванне навакольнага асяроддзя, дэградацыю прыродных сістэм, пагаршэнне стану прыродных рэсурсаў. Больш за тое, эканамічныя дзеянні, накіраваныя на спажыванне рэсурсаў, улічваюцца ў ВНП як паказчыкі эканамічнага росту. Напрыклад, здабыча карысных выкапняў, вылаў рыбы або нарыхтоўка лесаматэрыялаў, якія перавышаюць іх гадавы прырост.

Супярэчнасць паміж пастаянным ростам уздзеяння грамадства на навакольнае асяроддзе і абмежаванымі рэсурсамі Зямлі можа прывесці да глабальнага геаэкалагічнага крызісу. Для выжывання чалавецтва павінна ажыццявіць некалькі ўзаемазвязаных стратэгічных мер агульнасусветнага значэння (мал. 4).

img
Мал. 4. Стратэгічныя меры для выжывання чалавецтва

Кожны з пералічаных пунктаў на дадзены момант супярэчыць умовам развіцця чалавецтва і яго ўзаемаадносінам з навакольным асяроддзем. Цяжка вызначыць, якая з глабальных праблем чалавецтва найбольш небяспечная і патрабуе неадкладнага вырашэння. Пастаянна адбываецца ўскладненне і паглыбленне глабальных праблем, што пагаршае стан навакольнага асяроддзя, разбурае раней устойлівыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя сістэмы, становіцца прычынай міжнацыянальных канфліктаў, голаду, ваенных сутычак і г. д. Таму любая з іх можа прывесці да сусветнай катастрофы і знішчэння жыцця на Зямлі. Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна ажыццяўляцца на аснове гуманітарна-экалагічнага падыходу.

icon

Гуманітарна-экалагічны падыход — сукупнасць поглядаў і дзеянняў, якія выяўляюцца ў павазе годнасці і правоў чалавека, яго каштоўнасці як асобы, клопаце пра яго дабрабыт, усебаковае развіццё, стварэнні спрыяльных умоў жыцця і дзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.

Каб захаваць нашу планету, чалавецтву неабходна забяспечыць устойлівае функцыянаванне геаграфічнай абалонкі, распрацаваць стратэгію дзейнасці па вырашэнні ўзаемазвязаных глабальных праблем.