«У ціхім тумане»

Уводзiны

Апавяданне «У ціхім тумане» раскрывае адну з трагедый Вялікай Айчыннай вайны. Іван Чыгрынаў нетрадыцыйна асэнсаваў адну з велізарнейшых трагедый чалавецтва. Праз няшчасце канкрэтных людзей аўтар раскрыў лёс усяго беларускага народа, сярод якога былі не толькі героі, але і антыгероі. Новы падыход у асэнсаванні вайны выявіўся ў аўтарскай увазе не да гераічнага, а да трагічнага — да зрадніцтва, што, на жаль, асабліва часта сустракалася ва ўмовах акупацыі. 

Першапачатковая назва апавядання «У ціхім тумане» — «Маці». Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе «Полымя». Крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор. Ідэйная накіраванасць апавядання не адпавядала ідэалагічным устаноўкам тагачаснай савецкай крытыкі. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве «Беларусь» было затрымана выданне першай кнігі маладога аўтара. Зборнік «Птушкі ляцяць на волю» быў выдадзены, але без твора «Маці». Тым не менш у 1970 годзе апавяданне было надрукавана на рускай мове (у перакладзе Э. Карпачова) у маскоўскім часопісе «Дружба народаў» пад назвай «В тихом тумане». На беларускай мове яно апублікавана ў 1984 годзе ў першай кнізе трохтомнага выдання твораў І. Чыгрынава.