§ 16. Кампаненты для работы са спісамі радкоў

16.1. Клас TString

Пры стварэнні дадаткаў часта даводзіцца працаваць са спісамі радкоў. У C++ Builder для гэтага выкарыстоўваюцца розныя кампаненты, такія як Memo, RichEdit, ListBox, ComboBox, CheckListBox, RadioGroup і інш. Кожны з гэтых кампанентаў утрымлівае ўласцівасць, якая належыць класу TString. Клас TString створаны спецыяльна для працы са спісамі радкоў. Некаторыя метады класа TString прыведзены ў  прыкладзе 16.1.

Для вызначэння колькасці радкоў у спісе выкарыстоўваецца ўласцівасць Count. Нумарацыя радкоў у спісе пачынаецца з нуля. Звяртацца да асобнага радка набору можна як да элемента масіва, паказаўшы індэкс у квадратных дужках (Strings[3]). Індэкс выдзеленага радка ў кампанентах выбару са спісаў вызначаецца ўласцівасцю ItemIndex.

З дапамогай метадаў дадзенага класа можна дадаваць і выдаляць радкі, мяняць іх месцамі, сартаваць радкі, счытваць і запісваць радкі ў файл, ажыццяўляць пошук радку ў наборы. 

Прыклад 16.1. Некаторыя метады класа TString:

Метад

Прызначэнне

Add(S: String)

Дадае радок у набор даных

Clear()

Ачышчае спіс радкоў

Delete(n:int)

Знішчае элемент спісу з індэксам n

Exchange(n1:int, n2:int)

Мяняе месцамі радкі з індэксамі n1 і n2

IndexOf(S: String)

Для радка S вяртае яе індэкс у спісе ці -1, калі такога радка няма

Insert(n:int, S: String)

Устаўляе радок S у спіс, у пазіцыю n

LoadFromFile
(F_N: String)

Загружае набор радкоў з файла з імем F_N

Move(C_Ind:int, N_Ind:int)

Перамяшчае радкі са становішча C_Index у становішча N_Ind

SaveToFile
(F_N: String)

Захоўвае спіс радкоў у файле з імем F_N

Для працы з радкамі выкарыстоўваецца тып String, які падтрымліваецца асяроддзем C ++ Builder, значэннем такога радка з'яўляецца радок AnsiString. Нумарацыя знакаў у такім радку пачынаецца з 1. Некаторыя метады працы з тыпам String прыведзены ў дадатку.