§ 5. Візуальнае асяроддзе распрацоўкі праграм

5.3. Работа з формай

Форма з'яўляецца аб'ектам і служыць для візуальнага адлюстравання акна дадатку. Як любы аб'ект, форма валодае ўласцівасцямі (прыклад 5.8).

Уласцівасці

Прызначэнне

Caption

Загаловак (знешняе імя) формы адлюстроўваецца ў радку загалоўка акна пры запуску дадатку. Па змоўчанні — Form1

Color

Колер формы. Можа быць абраны адзін са стандартных (пералічаны ў спісе) або зададзены ўручную. Колькасць колераў адпавядае палітры RGB — 16777215 (2563— 1)

Height

Вышыня формы

Weight

Шырыня формы

Left

Гарызантальная каардыната становішча верхняга левага вугла акна формы на экране

Top

Вертыкальная каардыната становішча верхняга левага вугла акна формы на экране

Name

Імя (унутранае) формы. Выкарыстоўваецца ў праграмным кодзе для звароту да аб'екта. З'яўляецца ідэнтыфікатарам

Для стварэння апрацоўшчыка падзей формы трэба ў інспектары аб'ектаў перайсці на ўкладку Events, выбраць падзею. Функцыя генерыруецца аўтаматычна пры падвойным кліку мышшу ў пустым радку насупраць абранай падзеі. Пасля гэтага асяроддзе перамыкаецца на старонку, на якой пішацца код (прыклад 5.9).

Імя функцыі-апрацоўшчыка складаецца з назвы кампанента, над якім адбываецца падзея, і назвы падзеі (FormClick).

Для пераключэння паміж акном праграмнага кода і канструктарам дызайну формы можна скарыстацца наступнымі магчымасцямі:

  • кнопка  на панэлі хуткага доступу;
  • клавіша F12;
  • укладкі Unit i Design у ніжняй частцы акна дадатку: 

Пры стварэнні функцый-апрацоўшчыкаў уласцівасці аб'ектаў можна змяняць шляхам напісання праграмнага кода. Зварот да ўласцівасцей аб'екта адбываецца праз паказальнік, таму ўжываецца знак стрэлка «->». Спачатку паказваецца імя аб'екта, затым імя ўласцівасці. Напрыклад, для ўстаноўкі колеру формы трэба запісаць наступную каманду:

Form1 -> Color = clAqua;

Сістэма C++Builder дазваляе спрасціць увод складаных імёнаў у код праграмы. Пасля таго як вы набераце Form1->, на экране з'явіцца спіс з усімі ўласцівасцямі і метадамі, якія адносяцца да аб'екта Form1 (прыклад 5.10).

Прыклад 5.11. Стварыць апрацоўшчык падзеі для пстрычкі левай клавішай мышы па форме, у выніку якога колер формы павінен памяняцца на чырвоны (працягнуць працу з прыкладам 5.8).

Этапы выканання задання

  1. Перайсці на ўкладку Events у акне інспектара аб'ектаў.
  2. Выканаць двайную пстрычку ў полі насупраць падзеі OnClik.
  3. У акне рэдактара кода, у функцыі TForm1::FormClick(TObject *Sender); упісаць каманду Form1 -> Color = clRed;
  4. Захаваць змены ў праекце.

Прыклад 5.8. Змяненне ўласцівасцей формы ў інспектару аб'ектаў:

Уласцівасці

Прызначэнне

Caption

Прыклад 1

Color

clAqua (выбраць з спісу)

Height

250

Weight

250

Left

200

Top

200

Пасля змены значэнняў уласцівасцей у інспектару аб'ектаў зменіцца знешні выгляд формы:

Прыклад 5.9. Стварэнне апрацоўшчыка падзеі OnClick (клік левай клавішай мышы) для формы.

1. Выбар падзеі ў інспектару аб'ектаў:

2. Акно праграмнага кода з устаўленым апрацоўшчыкам:

Прыклад 5.10. Падказка сістэмы пры ўводзе ўласцівасцяў аб'екта:

Калі вы ўведзяце першыя літары назвы ўласцівасці (метаду), то ў спісе застануцца толькі тыя ўласцівасці і метады, назвы якіх пачынаюцца на гэтыя літары. Пасля гэтага патрэбную ўласцівасць можна ўставіць у праграму пстрычкай мышы або націскам клавішы Enter. Калі спіс не з'явіўся, яго можна выклікаць камбінацыяй клавіш Ctrl + прабел.

Прыклад 5.11. Код функцыі-апрацоўшчыка:

void __fastcall TForm1::FormClick
(TObject *Sender)
{
    Form1 -> Color = clRed;
}

Каб пераканацца ў правільнасці працы праграмы трэба, запусціць праект і праверыць, што пры выкананні пстрычкі мышшу па форме яе колер змяняецца на чырвоны.

Форма пасля запуску праекта:

Форма пасля пстрычкі мышы па ёй: