§ 16. Мадэляванне руху цела ў паветры

16.7. Атрыманне рашэння задачы (этап 5)

Для адказу на першыя два пытанні ў табліцы знаходзяць суседнія радкі, у якіх значэннi ў слупку y(t) мяняюць знак. Па іх знаходзяць значэнні далёкасці палёту (у слупку x(t) і часу палёту (у слупку Час).

Для адказу на трэцяе і чацвёртае пытанні знаходзяць радок з максімальным значэннем ў слупку y(t). А адказы даюць значэнні гэтага радка ў слупку x(t) і у слупку Час.

Для адказу на пятае пытанне трэба капіраваннем пабудаваць другую мадэль, якая супраціўленне паветра не ўлічвае (прыклад 16.13).

У мадэлі-копіі неабходна абнуліць параметры паветра ў ячэйках A8 і A9 і памяняць назву мадэлі на назву «Мадэль руху цела ў асяроддзі без супраціўлення". Можна параўноўваць табліцы.

Пры капіраванні мадэлі разам з табліцай скапіравалася і дыяграма. Але даныя для гэтай дыяграмы знаходзяцца на іншым (зыходным) лісце. Таму на дыяграме можна дабудаваць другую траекторыю. Пстрыкаем па дыяграме правай кнопкай мышы. У кантэкстным меню пстрыкаем па пункце Выбрать данные. З'яўляецца дыялогавае акно Выбор источника данных (прыклад 16.14).

У левым ніжнім полі акна ёсць імя Ряд1. Гэта даныя з іншага ліста. Пстрыкаем па кнопцы Изменить. З'яўляецца дыялогавае акно Изменение ряда (прыклад 16.15).

У гэтым акне ў верхняе поле Имя ряда: уводзім імя «У паветры» і пстрыкаем па кнопцы OK. Вярнуліся ў дыялогавае акно Выбор источника данных, у якім пстрыкаем па кнопцы Добавить (новы рад). З'яўляецца новае акно Изменение ряда.

У новым акне ў верхняе поле Имя ряда: уводзім імя «У асяроддзі без супраціулення». У другое поле ўводзім дыяпазон E13:E70, у трэцяе поле — F13: F70 і пстрыкаем па кнопцы OK. Вяртаемся ў акно Выбор источника данных (прыклад 16.16). Пстрычкай па кнопцы OK вяртаемся да дыяграмы (прыклад 16.17).

Прыклад 16.13. Будуем копію пабудаванай мадэлі на новым аркушы рабочай кнігі па схеме прыкладу 16.13.

Прыклад 16.14. Дыялогавае акно Выбор источника данных.

Прыклад 16.15. Дыялогавае акно Изменение ряда.

Прыклад 16.16. Дыялогавае акно Изменение ряда пасля дадання другога раду даных.

Прылад 16.17. Дыяграма пасля дадання другога раду даных.

Засталося памяняць скапіраваную назву дыяграмы на новую назву «Траекторыі палёту каменя ў паветры і ў асяроддзі без супраціулення" і вывесці Легенду ў ніжняй частцы дыяграмы.

Дыяграму можна перамясціць у любое месца электроннага ліста.