§ 15. Транспартная задача

15.4. Стварэнне камп'ютарнай разліковай мадэлі (этап 3)

Зыходныя даныя камп'ютарнай мадэлі размесцім па схеме, прыведзенай у прыкладзе 15.6.

Разліковую табліцу будзем будаваць па аналагічнай схеме (прыклад 15.7).

Пасля ўводу загалоўкаў у ячэйкі A11 і A12 можна табліцу з раздзелу «Зыходныя даныя» скапіраваць у раздзел «Разліковая табліца» (прыклад 15.8).

У ячэйку A18 уводзіцца надпіс «Сума». У ячэйку B18 уводзіцца формула сумы значэнняў ячэек гэтага слупка разліковай табліцы. Затым гэтай формулай трэба запоўніць дыяпазон C18:E18.

У ячэйку F14 уводзіцца надпіс «Сума». У ячэйку F15 уводзіцца формула сумы значэнняў ячэек гэтага радка разліковай табліцы. Затым гэтай формулай запаўняецца дыяпазон F16:17.

У задачы неабходна знайсці такі план перавозак, для якога іх сумарны кошт мінімальны ў параўнанні з іншымі планамі.

Пабудуем функцыю V, якая вылічае сумарны кошт перавозак па зададзеным у мадэлі плане.

Затраты на перавозку тавару па адным маршруце «склад i — магазін j» будуць роўныя здабытку кошту перавозкі на яе аб'ём. Кошт перавозкі зададзены ў ячэйцы табліцы ўдзельных затрат, а аб'ём  у такой жа яцэйцы табліцы плана перавозак.

Для пабудовы функцыі V трэба перамнажаць значэнні адпаведных ячэек двух табліц(дыяпазонаў), а затым здабыткі скласці. Увядзем формулу для вылічэння функцыі V у ячэйку А20 (прыклад 15.9).

Зараз варта выклікаць акно Параметры поиска решения і ўвесці зыходныя даныя для пошуку рашэння.

Мэтавая функцыя V размешчана ў ячэйцы A20, крытэрый  — Минимум, змяняючы ячэйкі пераменных дыяпазону B15:E17 (ячэйкі плана перавозак), пераходзім да ўводу абмежаванняў (прыклад 15.10).

Варта таксама ячэйкі дыяпазону B15:E17 плана перавозак зрабіць цэлалікавымі (гл. прыклад 15.11).

Пад полем для абмежаванняў павінна стаяць галачка выбару пункта Сделать переменные без ограничений неотрицательными.

Пасля налад у акне Параметры поиска решения пстрыкаем па кнопцы Найти решение

Прыклад 15.6. Схема размяшчэння зыходных даных камп'ютарнай мадэлі. Слупок А трэба пашырыць.

Прыклад 15.7. Схема размяшчэння разліковай табліцы камп'ютарнай мадэлі транспартнай задачы.

План перавозак справа і знізу апраўлены ячэйкамі для сум.

Прыклад 15.8. Для капіравання табліцы з раздзелу «Зыходныя даныя» варта вылучыць дыяпазон A4:E8 і скапіраваць яго на дыяпазон A13:E17.

Пачатковыя значэнні ячэек плана перавозак могуць быць любымі лікамі, таму скапіраваныя значэнні ячэек плана перавозак можна пакінуць.

Прыклад 15.9. Для ўводу значэння функцыі V выкарыстоўваем матэматычную функцыю СУММПРОИЗВ(), якая вяртае суму здабыткаў ячэек двух дыяпазонаў (масіваў).

Таблічны курсор устанаўліваем на ячэйцы A20, пстрычкай па кнопцы Вставить функцию ў радку формул, адкрываем акно Вставка функции. Праводзім пошук функцыі па яе імені, затым два разы пстрыкаем па яе імені ў спісе. Адкрываецца акно для ўводу аргументаў. У табліцы вылучаем дыяпазон B6:E8. Ён запісваецца ў поле аргументу Массив1. Затым у акне пстрыкаем па полі другога аргументу Массив2 і ў табліцы вылучаем масіў B15:E17. Пстрычкай па кнопцы OK завяршаем увод.

Прыклад 15.10. Няцяжка ўбачыць, што сумы ў ячэйках правей плана перавозак павінны даваць аб'ёмы паставак, якія зададзены ў пачатковых даных. А сумы ў ячэйках ніжэй плана перавозак — аб'ёмы заявак, якія таксама зададзеныя ў пачатковых даных.

Такія абмежаванні Excel дазваляе задаваць як роўнасці дыяпазонаў.

Пстрыкаем па кнопцы Добавить. У новым акне для ўводу абмежаванняў у левае поле вылучаем дыяпазон B18:E18. У другім поле выбіраем знак роўнасці. У трэцяе поле ўводзім дыяпазон B9:E9. Пстрыкаем па кнопцы OK.

Аналагічна ўводзім умову роўнасці дыяпазонаў F15:F17 і F6:F8.