§ 14. Мадэляванне ў эканамічных задачах

14.1. Асноўныя паняцці

Эканамiчная мадэль — гэта фармалізаванае апісанне эканамічнага аб'екта, працэсу або з'явы.

Мэтамі мадэлявання ў эканоміцы з'яўляюцца: аналіз эканамічных аб'ектаў, працэсаў і з'яў, прадказанне параметраў развіцця эканамічных працэсаў (прагназаванне), падрыхтоўка кіраўніцкіх рашэнняў на ўсіх узроўнях эканомікі. У эканоміцы шырока выкарыстоўваюцца мадэлі рознай складанасці, пачынаючы ад простых структурных схем (прыклад 14.1). Калі эканамічная мадэль выкарыстоўвае матэматычныя паняцці і матэматычны апарат, то такую мадэль часта называюць эканоміка-матэматычнай мадэллю  (прыклад 14.2).

Пры вырашэнні складаных практычных задач эканоміка-матэматычныя мадэлі звычайна ўключаюць наборы ўраўнаванняў і няроўнасцей. Разгледзім падрабязней мадэляванне пры вырашэнні задач аптымальнага планавання. Задача аптымальнага планавання заключаецца ў вызначэнні такіх значэнняў планавых паказчыкаў гаспадарчага аб'екта, якія забяспечаць дасягненне пастаўленай мэты з улікам абмежаванасці рэсурсаў.

Прыклад 14.1. Прадметам мікраэканомікі з'яўляецца фірма, яе ўнутранае і знешняе асяроддзе, што добра апісвае мадэль-схема.

Прыклад 14.2. Найпростай формай эканоміка-матэматычнай мадэлі з'яўляецца графік. Прыкладам з'яўляецца шырока вядомая мадэль попыту S і прапановы D у сістэме каардынат Q (колькасць тавару) і P (кошт за гэты тавар).

Мадэль дазваляе знаходзіць пункт раўнавагі попыту і прапановы E і раўнаважкую цану P0