§ 11. Мадэль «драпежнік-ахвяра»

11.1. Асноўныя паняцці

Разгледзім сістэму сумеснага існавання двух папуляцый, якая называецца сістэмай «драпежнік-ахвяра». Лічыцца, што папуляцыі пражываюць у ізаляваным асяроддзі, якое забяспечвае ўсім неабходным толькі адну папуляцыю (ахвяры). А вось асобіны другой папуляцыі (драпежнікі) харчуюцца толькі асобінамі першай папуляцыі (прыклад 11.1).

Для даследавання дынамікі колькасці папуляцый у сістэме «драпежнік-ахвяра» пабудуем матэматычную мадэль (прыклад 11.2), а затым камп'ютарную мадэль.

Прыклад 11.1. У прыродзе сістэма «драпежнік-ахвяра» ўзаемадзеяння папуляцый сустракаецца даволі часта. Напрыклад, у сажалцы жывуць карасі і шчупакі. У сажалцы дастаткова харчавання карасям, а шчупакi сілкуюцца толькі карасямі. Па такой жа сістэме ўзаемадзейнічаюць зайцы і ваўкі, мышы і лісы і г. д.

Прыклад 11.2. Упершыню матэматычная мадэль сістэмы «драпежнік-ахвяра» была створана ў 1925-1926 гадах і носіць iмёны яе стваральнікаў — мадэль латкі-Вольтерры.