§ 10. Мадэляванне дынамікі колькасці папуляцый

10.1. Асноўныя паняцці

Папуляцыя — гэта сукупнасць асобін аднаго віду, якая займае пэўную прастору, адносна ізаляваная і здольная да рэпрадукцыі.

Папуляцыі ўтвараюць самыя разнастайныя арганізмы (прыклад 10.1).

Сярод характарыстык папуляцыі вылучаюць колькасць, шчыльнасць, прасторавае размеркаванне, структуру (узроставы і палавы склад), паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці. Нас будзе цікавіць дынаміка колькасці папуляцыі, г. зн. змяненне колькасці папуляцыі ў часе (прыклад 10.2).

Назіранні за папуляцыямі праводзяць у роўнаадлеглыя моманты часу. Працягласць прамежку часу паміж момантамі назіранняў назавем перыядычнасцю назіранняў.

Перыядычнасць назіранняў залежыць ад хуткасці росту папуляцыі і можа быць роўная 1 году, 1 суткам, 1 гадзіне (гл. прыклад 10.2).

Для апісання дынамікі колькасці папуляцый навукоўцы выкарыстоўваюць некалькі матэматычных мадэляў.

Для адной папуляцыі выкарыстоўваюцца:

- мадэль неабмежаванага росту;
- мадэль абмежаванага росту;
- мадэль з крытычнай колькасцю;
- мадэль з адловам.

Для двух папуляцый выкарыстоўваюцца мадэлі ўзаемадзеяння двух відаў. Сярод іх мадэль «драпежнік-ахвяра», мадэль канкурэнцыі двух відаў за рэсурсы харчавання, мадэлі ўзаемавыгаднай сувязi (сімбіёзу). 

Прыклад 10.1. Папуляцыі могуць складаць бактэрыі, рыбы, ракападобныя, кіты, птушкі, звяры.

Прыклад 10.2. Назіранні за колькасцю розных папуляцый навукоўцы вядуць ужо вельмі даўно. Таму добра вядома, што колькасць папуляцыі ў часе можа расці, мяняцца цыклічна і падаць.