§ 6. Камп'ютарныя інфармацыйныя мадэлі

6.5. Метады дыскрэтызацыі

У мадэляванні адрозніваюць метад дыскрэтызацыі аб'екта і метад дыскрэтызацыі часу.

Метад дыскрэтызацыі аб'екта ў мадэляванні заключаецца ва ўмоўным разбіцці аб'екта на часткі, якія рэальна не існуюць.

У выніку ўжывання метаду дыскрэтызацыі мадэль аб'екта ўяўляецца як сістэма яго ўмоўных частак (прыклад 6.17).

Метад дыскрэтызацыі часу ў мадэляванні заключаецца ва ўмоўным разбіцці часу праходжання працэсу на прамежкі.

Калі час праходжання працэсу разбіваецца на роўныя прамежкі, то іх працягласць называецца крокам часу.

Усе разлікі функцый, якія апісваюць стан працэсу, праводзяцца толькі ў пачатковых пунктах часавых прамежкаў (прыклад 6.18).

Прыклад 6.17.  Прыклад выкарыстання метаду дыскрэтызацыі аб'екта дае мадэль металічнай пласціны, якая ў 9-м класе была створана пры вырашэнні задачы вызначэння тэмпературных рэжымаў. Металічная пласціна была ўмоўна разбіта на шматлікія квадраты, якія сталі элементамі сістэмы. Сувязі паміж квадратамі выражаліся формуламі цеплаабмену паміж імі.

Прыклад 6.18.  Прыклад выкарыстання метаду дыскрэтызацыі часу дае рашэнне разгледжанай намі задачы аб руху цела, кінутага пад вуглом да гарызонту. У электронных табліцах увесь час палёту цела было ўмоўна разбіта на роўныя прамежкі, якія задаюцца крокам часу. І ў рабочай табліцы камп'ютарнай мадэлі разлікі становішча цела праводзіліся толькі ў пачатковых пунктах часовых прамежкаў.