§ 6. Камп'ютарныя інфармацыйныя мадэлі

6.1. Мадэлі і формы іх прадстаўлення

Мадэль — гэта аб'ект або працэс, які для розных мэтаў разглядаецца замест іншага аб'екта або працэсу.

У 9-м класе мы вылучылі два асноўныя выгляды мадэляў: матэрыяльныя і інфармацыйныя, якія адрозніваюцца формай прадстаўлення (прыклад 6.1).

Інфармацыйныя мадэлі па выгляду носьбіта інфармацыі дзеляцца на разумовыя, дакументальныя і камп'ютарныя (прыклад 6.2).

Камп'ютарная (электронная) мадель — гэта інфармацыйная мадэль у форме файла на камп'ютарным носьбіце і яе адлюстраванне на экране камп'ютара.

Камп'ютарныя мадэлі сталі звыклым інструментам пры вырашэнні навуковых задач у фізіцы, астрафізіцы, хіміі, біялогіі, эканоміцы, сацыялогіі і іншых навуках, у прыкладных задачах радыёэлектронікі, машынабудавання, аўтамабілебудавання. Камп'ютарныя мадэлі сталі выкарыстоўвацца ў побыце.

Мадэль (мадэляванне) гэта працэс стварэння і выкарыстання мадэляў для вырашэння навуковых і практычных задач.

У апошні час камп'ютарнае мадэляванне стала шырока выкарыстоўвацца ў побыце і ў рэкламе (прыклад 6.3).

Камп'ютарныя мадэлі могуць адрознівацца формай прадстаўлення. Яны могуць быць прадстаўлены ў форме праграмы на мове праграмавання, ліста рабочай кнігі ў электронных табліцах, электроннага дакумента, лічбавай фатаграфіі або відэа, электроннага трохмернага аб'екта.

Прыклад 6.1. Глобус — тыповы прыклад матэрыяльнай мадэлі, якая па вызначэнні з'яўляецца матэрыяльным аб'ектам. Інфармацыя на некаторым носьбіце — гэта інфармацыйная мадэль.

Прыклад 6.2. Крытэрыем дзялення інфармацыйных мадэляў на віды служыць форма іх прадстаўлення: форма разумовага ладу, форма папяровага дакумента, форма файла на камп'ютарным носьбіце інфармацыі, уключаючы адлюстраванне на экране камп'ютара.

Прыклад 6.3. Лічбавыя фатаграфіі і відэа ствараюцца з дапамогай смартфонаў, а электронныя дакументы — з дапамогай тэкставых рэдактараў. А гэта камп'ютарныя мадэлі.

Электронныя 3D-мадэлі, з якімі мы пазнаёміліся на ўроках інфарматыкі, шырока выкарыстоўваюцца ў інтэрнэт-рэкламе смартфонаў.