Міхась Башлакоў

Біяграфія

Самаахвярнае служэнне слову не ўяўляецца пісьменніку магчымым без высокай духоўнай асвечанасці, карпатлівай душэўнай працы, дзякуючы якім толькі і можна растрывожыць розум і пачуцці іншых.

В. Шынкарэнка

Міхась (Міхаіл) Захаравіч Башлакоў — вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў — нарадзіўся 27 красавіка 1951 года ў пасёлку Станцыя Церуха (цяпер — Баштан) Гомельскага раёна ў сям’і чыгуначніка. Маці будучага паэта — Пелагея Міхееўна Ступакова — родам з Добрушскага раёна. 

Бацька — Захар Захаравіч — працаваў на розных чыгуначных станцыях, нават на далёкай станцыі Пятрунь, што пад Варкутой, куды яго накіравалі ў маі 1952 года. Гэта была адна з прычын, па якой сям’я праз нейкі час распалася… Пелагея Міхееўна была валявой і моцнай жанчынай. Як успамінае сам паэт, «сярод вяскоўцаў маці карысталася павагай, яе неаднаразова выбіралі дэпутатам сельсавета. Яна была настойлівая, упартая, умела пастаяць за сябе і за людзей». Магчыма, таму і здолела адна паставіць на ногі чатырох сыноў, самым малодшым сярод якіх быў Міхась. Паэт ўспамінае: «Яна была мужнай жанчынай. Ніколі не падала духам. …Яна ўмела рабіць амаль ўсё: і касіць, і дровы сячы, і стагаваць сена… Яна была суровай. Для мяккасці і цеплыні ў яе не было ні часу, ні магчымасці… Потым вельмі ганарылася, што ў мяне выходзілі кнігі, і яна з задавальненнем чытала мае вершы. І, вядома, плакала, відаць, ад радасці...»

Міхась Башлакоў, згадваючы самыя яркія ўражанні маленства, адзначае: «Наш пасёлак Станцыя Церуха быў багаты на дзяцей і гудзеў асабліва пад вечар не толькі ад цягнікоў, што грукацелі міма, а і ад звону дзіцячых галасоў. Гульні былі розныя. Самая папулярная і масавая — гэта лапта. Потым гарадкі. Потым вайна — мы, хлапчукі, гулялі, безумоўна, у вайну. У мяне быў нават зроблены з дрэва аўтамат з круглым дыскам. Рабіў гэты аўтамат знаёмы майстар з вёскі Жураўлёўка, цудоўны сталяр. Аўтамат нават стракатаў, як сапраўдны…»

Вучыўся будучы пісьменнік у Грабаўскай сярэдняй школе з вялікай ахвотай, яшчэ ў школьныя гады захапіўся літаратурнай творчасцю. Верш-дэбют «Раўчук» дзесяцікласніка М. Башлакова ў студзені 1968 года быў надрукаваны ў раённай газеце «Маяк». Пры гэтым выданні паэт-пачатковец наведваў літаратурнае аб’яднанне, якім кіраваў член Саюза пісьменнікаў СССР Юрый Фатнеў. Знаёмства з гэтым чалавекам творча ўзбагачала маладога паэта, а з цягам часу перарасло ў сапраўднае сяброўства. Гэта літаб’яднанне стала вытокам творчага шляху і для такіх сучасных пісьменнікаў, як Ніна Шклярава, Таіса Мельчанка і інш.

У 1968 годзе М. Башлакоў паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Займаючыся ва ўніверсітэце, — згадвае пісьменнік, — я аб’ездзіў амаль усю Гомельскую вобласць. Абкам камсамола ахвотна даваў нам творчыя камандзіроўкі на тыдзень ці на больш. Асабліва запомнілася паездка ў Лельчыцы і Тураў. Тады, у кастрычніку 1971 года, я ўпершыню адкрыў для сябе Палессе, сціплае хараство якога зачаравала мяне на ўсё жыццё».

Сам М. Башлакоў адзначае, што «менавіта дарогі фарміруюць паэта, пашыраюць яго кругагляд, насычаюць уражаннямі, абуджаюць пачуцці, нараджаюць інтанацыю, без якой проста немагчыма сапраўдная паэзія. Дарогі і ўражанні ўздымаюць душу паэта над мітуснёй і бытам — магільшчыкамі паэзіі. Паэту абавязкова патрэбна ездзіць, бачыць новае, нават калі і не пішацца. Паэт павінен назапашваць у душы ўражанні, вобразы і музыку краявідаў. Дарогі, як і кнігі, — вечныя спадарожнікі творчасці…»

Кніга паэзіі і графікі «Нетры» на 57-й Міжнароднай выставе-кірмашы ў Франкфурце-на-Майне ў 2005 годзе ўвайшла ў лік ста лепшых кніг свету. У 2006 годзе на Міжнародным конкурсе ў Бельгіі яна была адзначана залатым медалём разам з кнігай «Палын. Чарнобыль», надрукаванай на беларускай, рускай і англійскай мовах. 

 Гады студэнцтва таксама запомніліся Міхасю Башлакову «адкрыццём вялікага мацерыка паэзіі». Юнак захапіўся творчасцю Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Сяргея Ясеніна, Паўла Васільева, а таксама Мікалая Рубцова, якога тады мала хто ведаў. Дыпломная работа выпускніка ўніверсітэта М. Башлакова была прысвечана вывучэнню творчасці аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў — Паўлюка Труса. Стыхія прыроды, вобразы народнай міфапаэтычнай культуры, што выразна гучалі ў вершах гэтага паэта, «беларускага Ясеніна» (М. Мішчанчук), пазней выявілі сябе і ў творах самога М. Башлакова.

Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1973 па 1978 год ён настаўнічае ў вясковых школах на Гомельшчыне і Браншчыне. Давялося Міхасю Захаравічу працаваць і ў Пракопаўскай школе Гомельскага раёна, дзе ў свой час вучыў дзяцей і працаваў над сваімі творамі Іван Шамякін. З 1978 па 1985 год М. Башлакоў выкладаў родную мову і літаратуру ў школах Гомеля. У гэты час убачыла свет яго першая кніга паэзіі — «Касавіца» (1979). Узнёсласць і паэтычнасць вобразаў у ранніх вершах паэта выяўляюць замілаванасць аўтара родным краем, захапленне яго людзьмі.

Паэт успамінае: «Быў і я нейкі час настаўнікам… І я заўсёды казаў сваім вучням, што яны могуць лепш ці горш ведаць прадмет, які я выкладаў. Гэта не самае важнае… Важна, каб кожны з іх быў чалавекам…» Ён дадае: «Я любіў дзяцей: нават на перапынках мог гуляць з імі ў снежкі. У школе ў мяне заўсёды была вялікая нагрузка — класнае кіраўніцтва, праверка сшыткаў, розныя пазакласныя вечары. Пісаць тады было проста немагчыма — не хапала часу. Аднак потым наступала цудоўная пара — два месяцы адпачынку. Я чакаў іх, як Бога, бо тады мог адвесці душу — пісаць».

Аднак з 1986 года ў творах паэта з’явілася новая тэма — тэма роднага краю, апаленага «зоркай Палын». Міхась Башлакоў — удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Існаванне пасля катастрофы, будучыня Радзімы, духоўны стан грамадства вельмі турбуюць сэрца мастака слова, гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу яго вершаў, асабліва ў паэме «Лілея на цёмнай вадзе». Імкнучыся паэтычным словам і душэўнай спагадай падтрымаць разгубленых пад цяжарам бяды пасля чарнобыльскай катастрофы землякоў, М. Башлакоў шмат ездзіць з выступленнямі па забруджаных радыяцыяй раёнах.

Паэт прызнаецца: «Я вельмі люблю ў паэзіі жывапіс, музычнасць, вытанчанасць, вобразнасць. А як жа інакш? Без узнёслых светлых тэм, летуценных вершаў нельга, гэта своеасаблівая аддушына. Аднак Чарнобыль зрабіў сваю справу — наклаў на маю творчасць пэўны адбітак. І мне ўсё цяжэй становіцца быць простым сузіральнікам краявідаў. Бо паколькі жыццё вакол цябе такое складанае і не зусім радаснае, ты, як паэт, павінен таксама пэўным чынам рэагаваць, адгукацца на гэта і звяртацца да праблем і не заўсёды прыемных для грамадства тэм».

Пасля пераезду ў Мінск у 1991—2005 гадах М. Башлакоў працаваў галоўным метадыстам у Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, актыўна займаўся падрыхтоўкай і выданнем 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць». Грамадскую дзейнасць пісьменнік сумяшчаў з паэтычнай творчасцю. Адзін за адным выходзяць яго зборнікі: «Дні мае залатыя» (1993), «Як слёзы горкія Айчыны...» (1999), «Матчыны грыбы перабіраю» (2000), «Світальныя коні» (2001), «Пяро зязюлі падніму» (2001), «Віно адзінокіх» (2011), «Музыка нязваная» (2014), «Далеч вячэрняя» (2017) і інш. Кнігі «Нетры» (2004) і «Палын. Чарнобыль» (2005), створаныя ў цесным супрацоўніцтве з мастаком Міхасём Барздыкам, атрымалі высокую ацэнку як у Беларусі, так і за яе межамі. За гэтыя кнігі М. Башлакову была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2009). Больш за паўтары сотні вершаў паэта пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі. Міхась Башлакоў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Многія вершы паэта пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі.

Міхась Башлакоў і сёння актыўна займаецца грамадскай і творчай дзейнасцю, прапагандуе беларускую культуру і літаратуру, удзельнічае ў многіх кніжных прэзентацыях, мерапрыемствах, звязаных з падтрымкай таленавітай моладзі. Пісьменнік кіруе некалькімі літаратурнымі студыямі, што дзейнічаюць у розных раёнах Мінска.