ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Апавяданне і навела як эпічныя жанры

Апавяданне і навела як эпічныя жанры

Апавяданне і навела як эпічныя жанры

Апавяданне — невялікі апавядальны твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека.

Кампазіцыйную аснову апавядання складаюць адна сюжэтная лінія, невялікая колькасць дзейных асоб, наяўнасць апавядальніка, ролю якога можа выконваць як сам аўтар, так і які-небудзь герой твора.

Апавяданне ў беларускай літаратуры бярэ свае вытокі ў народнай творчасці, найперш у казках, паданнях, легендах, гутарках, быліцах і інш. Адным з першых аўтараў, хто звярнуўся да жанру апавядання, быў Ф. Багушэвіч («Тралялёначка» і інш.). Традыцыю прадоўжылі Цётка, Якуб Колас, Змітрок Бядуля і інш. Не губляе сваёй папулярнасці апавяданне і ў сучаснай літаратуры. На аснове тэматычнай змястоўнасці апавяданні падзяляюцца на сацыяльна-бытавыя, псіхалагічныя, гістарычныя, філасофскія і інш.

Навела (ад лац. novellus — ‘новы’) — невялікі вострасюжэтны твор, які характарызуецца напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам.

 Навела па жанравых прыметах нагадвае апавяданне. У адрозненне ад яго вызначаецца дынамічным сюжэтам, заснаваным на асаблівай напружанасці і нават драматызме дзеяння. Аўтар канцэнтруе ўвагу не столькі на знешнім развіцці дзеяння, колькі на ўнутраным стане герояў: іх перажываннях, характарах, настроі. Характэрнай адметнасцю навелы з’яўляецца нечаканая развязка.

Навела мае вялікую гісторыю развіцця. Папулярнасць яна набыла пасля з’яўлення кнігі «Дэкамерон» італьянскага пісьменніка Джавані Бакачыа. У беларускай літаратуры да жанру навелы звярталіся Якуб Колас, Змітрок Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Брыль, У. Караткевіч, Г. Марчук і інш.