Лірыка

Лiрыка

«Край мой беларускі, край!..» (1966). Ніл Гілевіч — прызнаны майстар пранікнёнай песні. Многія творы паэта пакладзены на музыку, чаруюць і вабяць лірызмам, гармоніяй формы і думкі («Я хаджу, закаханы ў твае краявіды...», «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы...» і інш.). Яны сталі вядомымі далёка за межамі нашай краіны.

Ніл Сымонавіч згадваў, што «ўмеў спяваць раней, чым навучыўся гаварыць». Ад маці і землякоў паэт увабраў любоў да мілагучнага роднага слова, фальклору. Песня і Бацькаўшчына арганічна паяднаны ў жыцці і творчасці пісьменніка. Пра гэта сведчыць і яго наступнае прызнанне:

О, Беларусь!
Мой лёс,
Мой першы боль,
Мая нявыспеваная давеку
Песня!

Верш «Край мой беларускі, край!..» прасякнуты ўзнёсла-малітоўнай інтанацыяй. Лірычны герой звяртаецца да роднага краю як да святыні і выказвае, на першы погляд, будзённую просьбу: «прыгарнуцца», «напіцца», «паслухаць», «прайсціся», «наглядзецца». 

Жаданне героя абумоўлена прагай духоўнай знітаванасці з бацькоўскай зямлёй. Ён упэўнены, што рэалізацыя гэтага памкнення забяспечыць сэнс і радасць жыцця. Лірычны герой просіць зрабіць яго сэрца відушчым. Яго просьба выяўляе духоўныя прыярытэты, раскрывае ўнутраны свет.

Родны край, на думку паэта, валодае гаючай сілай, здольнай духоўна і фізічна ўмацоўваць чалавека, станавіцца для яго крыніцай натхнення. Любоў да роднай зямлі — падмурак жыццястойкасці асобы.

Кампазіцыя верша «Край мой беларускі, край!..» з рэфрэнамі звароту і просьбы спрыяе выяўленню эмоцый лірычнага героя, раскрывае палкасць і глыбіню яго памкненняў, надае твору малітоўна-заклінальнае гучанне.

«Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» (1970). Лірычны герой твора — чалавек з абвостраным сумленнем, які адчувае сябе сувязным паміж папярэднікамі і нашчадкамі. Вусцішная купальская ноч над роднай для паэта ракой Гайнай выклікае ў лірычнага героя непаразуменне і боль:

Ды ні гуку над Гайнай — пад цёмным шатром.
Толькі зоркі — як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?

Параўнанне зор з вачамі Купалінкі, што застылі ў роспачы і крыўдзе, выклікае ў чытача пачуццё віны перад той, чыё свята засталося незаўважаным. Верш пабудаваны на супастаўленні мінулага і сучаснага.

У час летняга сонцастаяння нашы продкі наладжвалі свята ў гонар сонца — Купалле. Моладзь паліла ачышчальныя вогнішчы, шукала папараць-кветку, шчасліваму ўладальніку якой зямля адкрыла б усе свае скарбы. Дзяўчаты, марачы пра каханне і шчаслівы шлюб, плялі вянкі і пускалі іх на ваду, загадваючы на свой лёс.

Неабходнасць пераемнасці нашчадкамі духоўных традыцый нацыі ўсведамляецца чытачом праз асэнсаванне вобраза Янкі Купалы. Ясь Луцэвіч нарадзіўся ў Вязынцы на Маладзечаншчыне, аднак дзяцінства і юнацтва яго прайшлі на берагах Гайны, дзе ён убіраў у душу чароўныя паэтычныя скарбы народных песень, казак, легенд і паданняў. У адным са сваіх артыкулаў, прысвечаных творчасці Янкі Купалы Н. Гілевіч з гонарам адзначаў ролю яго малой радзімы ў творчым станаўленні класіка: «На Лагойшчыне Ясь Луцэвіч сказаў першае слова і ўвогуле пачаў гаварыць, а ў чатырнаццаць гадоў напісаў свой першы верш. На Лагойшчыне ён з дзяцінства купаўся ў стыхіі жывой народнай мовы, навек захаваўшы ў сваіх паэмах і п’есах асаблівасці мясцовай гаворкі (нося, кося, прося, ходзя, водзя, салодзя, любя, гавора і г. д.), на Лагойшчыне ён убіраў у душу чароўныя паэтычныя скарбы народных песень, казак, легенд і паданняў, спасцігаў і засвойваў адметнасці народнага побыту, звычаяў і традыцый, рысы нацыянальнага характару — усё, што пасля так геніяльна выявілася ў яго творчасці». Аўтар «Родных дзяцей» быў упэўнены, што калі божая душа Івана Луцэвіча прыйшла на свет у Вязынцы, то паэт Янка Купала нарадзіўся, пачаўся і склаўся на Лагойшчыне, дзе фарміраваўся яго талент, гартавалася бессмяротная душа паэта.

Нарадзіўшыся ў купальскую ноч, паэт узяў псеўданім Купала, сцвярджаючы сваю непарыўную сувязь з традыцыямі роднай зямлі. Геній нацыянальнай літаратуры ў вершы паўстае ў вобразе добрага купальскага дзядка. Па народных уяўленнях, купальскі дзядок без усякіх цяжкасцей збірае кветкі папараці. Іншым людзям зрабіць гэта амаль што немагчыма, бо пялёсткі кветкі гараць як агонь. Лічыцца, што, калі гасцінна сустрэць купальскага дзядка, ён можа падарыць дзівосную кветку. Яна раскрывае перад чалавекам неверагодныя магчымасці — здольнасць разумець мову раслін, звяроў і птушак. 

Раскладайце агні — хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім святле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ —
Запрасіце яго прысуседзіцца!

Паэт перакананы, што моладзь павінна імкнуцца да духоўнага дыялогу са сваімі папярэднікамі. Усведамленне чалавекам каштоўнасці сваёй спадчыны дапамагае выразней акрэсліць шлях у заўтрашні дзень:

Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся...

«Страціў слова, страціў спадчыннае слова...» (1974). Шмат намаганняў патраціў Н. Гілевіч на змаганне з нацыянальным нігілізмам беларусаў. Як прызнаваўся сам пісьменнік, яго грамадзянская і мастакоўская пазіцыя былі абумоўлены «любоўю да роднага слова, гонарам за яго высокія прыродныя вартасці, радасцю ад карыстання ім, болем за яго прыніжэнне і непахіснай верай, што яму, вялікаму і магутнаму роднаму слову, жыць вечна».

Верш «Страціў слова, страціў спадчыннае слова...» напісаны ў перыяд інтэнсіўнай рускамоўнай асіміляцыі. Пад уплывам яе беларусы сталі пазбягаць выкарыстання спадчыннага слова ў грамадскім і асабістым жыцці, забывацца на мову. Эпітэт «спадчыннае» надзвычай ёмісты, ён узнаўляе ў свядомасці чытача геніяльны верш Янкі Купалы «Спадчына» і дазваляе зрабіць выснову аб заклапочанасці мастакоў слова духоўным здароўем нацыі.

У першых радках верша лірычны герой адкрыта выяўляе сваю бескампрамісную грамадзянскую пазіцыю:

Страціў слова, страціў спадчыннае слова —
Штосьці страціў у душы абавязкова!

 Клічная інтанацыя і трохразовае выкарыстанне дзеяслова «страціў» дапамагаюць аўтару абудзіць у чытача трывогу і занепакоенасць. Рытарычныя пытанні ў наступных чатырох радках спрыяюць актывізацыі роздуму над прычынна-выніковымі сувязямі «страты спадчыннага слова» і духоўнага збяднення нашчадкаў. Лаканічна і змястоўна ў васьмірадковіку створаны вобраз слова як носьбіта нацыянальнага жыцця народа, геніяльнага ўвасаблення яго годнасці, мудрасці, праўды. Аўтар далікатна запрашаў чытача да самааналізу, апеляваў да сумлення і розуму.

Апошнімі радкамі твора Н. Гілевіч намякнуў на ролю бацькоў у нацыянальным самавызначэнні нашчадкаў:

Я не ведаю дакладна, што ты страціў,
Запытайся — ці не скажа табе маці...

«Паклон табе, мой беларускі краю!..» (1973). Жыватворнай крыніцай, якая натхняе пісьменніка на сапраўднае мастацтва, Н. Гілевіч называў любоў да Радзімы. Паэт стварыў нямала вершаў, у якіх прызнаецца ў вернасці і адданасці Беларусі. Многія творы Н. Гілевіча пакладзены на музыку, чаруюць і вабяць лірызмам, гармоніяй формы і думкі («Я хаджу, закаханы ў твае краявіды...», «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы...» і інш.). 

Лірычны герой васьмірадкоўя «Паклон табе, мой беларускі краю!..» адчувае сваю непарыўную сувязь з роднай зямлёй і не лічыць ганьбай выяўляць свае высокія пачуцці. Здаўна паклон з’яўляецца сімвалам павагі і шанавання. У складзе звароту «мой беларускі краю» выкарыстаны назоўнік у клічнай форме, што надае выказванню ўрачыстасць і ўзнёсласць і адпавядае стыхіі народнай мовы. 

Коратка, ёміста гучаць словы клятвы, якія сцвярджаюць непарушнасць адзінства «чалавек — радзіма» ў часе: «Ты — мой, я — твой: ад роду і навек» і прасторы: «Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім». 

Сімвалам гаючых сіл, якімі лечыць чалавека Радзіма, з’яўляецца ў вершы вобраз дубовага ліста. Менавіта дуб у фальклоры і мастацкай літаратуры стаў увасабленнем людской жыццястойкасці, здольнасці заставацца сабой пры любых абставінах. (Згадаем алегарычную казку Я. Коласа «Дуб і чароціна».) Паэту, каб захаваць свой самабытны талент, душу, неабходна духоўная падтрымка, якую дае чалавеку адчуванне абавязку перад Радзімай, клопат пра яе сучаснае і будучае жыццё. Шлях служэння Радзіме на крыжовых дарогах лёсу няпросты. Але лірычны герой верша лічыць яго адзіна правільным для сябе. Таму ён і дзякуе Радзіме:

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім…

Для твора характэрна адметная кампазіцыя: у пачатку і канцы яго паўтараецца словазлучэнне «Паклон табе…». У другой страфе лірычнае пачуццё ўзмацняецца эпітэтам «родны». Праз гэты прыём выяўлены глыбіня і ўзнёсласць пачуццяў лірычнага героя ў адносінах да Радзімы. У творы Н. Гілевіча адчуваецца стылёвае падабенства з вершам яго славутага земляка Янкі Купалы «За ўсё...». Удзячнасць аўтара «Кургана» выяўлена ў радках:  

За ўсё, што сёння маю,
Што даў мне мой народ:
За кут у родным краю,
За хлеб-соль без клапот...

Пафасу Купалавага верша сугучны радкі твора Н. Гілевіча:

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім —
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!