ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Жанр рамана

Жанр рамана

Жанр рамана

Раман узнік на аснове старажытнага эпасу ў антычнай літаратуры, аднак у сучасным разуменні сфарміраваўся толькі ў XVI—XVIII стагоддзях. Росквіту жанр дасягнуў у ХІХ стагоддзі ў еўрапейскай і рускай рэалістычнай літаратуры.

Раман (ад фр. roman — ‘апавяданне’) —эпічны празаічны (часам вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.


Жанравая палітра рамана надзвычай разнастайная: гісторыка-біяграфічны, сацыяльна-псіхалагічны, філасофскі, прыгодніцкі, гістарычны, раман-прытча, утопія, антыўтопія, дэтэктыўны, сатырычны і г. д. У Беларусі ў ХІХ стагоддзі на польскай мове раманы пісалі Ю. Крашэўскі, Э. Ажэшка. У ХХ стагоддзі па-беларуску былі напісаны раманы Ядвігіна Ш. («Золата»1), Цішкі Гартнага («Сокі цаліны»), М. Зарэцкага («Вязьмо»), Кузьмы Чорнага («Пошукі будучыні»), І. Мележа («Людзі на балоце»), І. Шамякіна («Сэрца на далоні»), У. Караткевіча («Каласы пад сярпом тваім») і інш.

Для жанру рамана, у тым ліку і «Сэрца на далоні» І. Шамякіна, характэрны наяўнасць некалькіх сюжэтных ліній, разнастайнасць праблематыкі, людскіх лёсаў і характараў, займальнасць, дынамізм, паказ дзеяння на працягу вялікага часавага адрэзка, востры канфлікт.

Эпічны твор, які вызначаецца маштабнасцю, гістарызмам мастацкага бачання, зваротам да асэнсавання шырокага кола праблем, што маюць нацыянальнае і агульначалавечае значэнне, называецца эпапеяй («Вайна і мір» Л. Талстога).

____________________

1 Раман «Золата» Ядвігіна Ш. застаўся недапісаным.