§ 9-1. Біялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны, алкалоіды, антыбіётыкі

Антыбіётыкі — біялагічна актыўныя рэчывы прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія падаўляюць рост і развіццё жывых клетак або выклікаюць іх гібель. Большасць вядомых прыродных антыбіётыкаў выпрацоўваецца мікраарганізмамі — бактэрыямі, мікраскапічнымі грыбамі (напрыклад, пеніцылін). Гэтыя рэчывы прыгнятаюць ці спыняюць жыццядзейнасць іншых мікраарганізмаў.

*Механізмы дзеяння антыбіётыкаў на клеткі-мішэні розныя. Адны з іх парушаюць пранікальнасць клетачных мембран, другія прыгнятаюць сінтэз мурэіну — асноўнага кампанента клетачнай сценкі бактэрый, трэція парушаюць структуру малекул ДНК такім чынам, што становіцца немагчымым іх падваенне і (ці) счытванне спадчыннай інфармацыі. Дзеянне некаторых антыбіётыкаў выяўляецца ў прыгнечанні сінтэзу бялкоў, РНК ці АТФ  або ў інгібіраванні іншых ферментатыўных працэсаў.*

Антыбіётыкі знаходзяць шырокае ўжыванне ў медыцыне для лячэння захворванняў, выкліканых хваробатворнымі бактэрыямі, паразітычнымі пратыстамі і грыбамі. Некаторыя антыбіётыкі падаўляюць рост і размнажэнне злаякасных клетак арганізма і ў сувязі з гэтым выкарыстоўваюцца ў супрацьпухліннай тэрапіі. Важна памятаць, што антыбіётыкі трэба прымаць толькі па назначэнні ўрача, прычым строга выконваць рэкамендацыі па іх прыёме. Самалячэнне і злоўжыванне антыбіётыкамі нярэдка прыводзіць да паслаблення ўласнай аховы арганізма, гібелі сімбіятычных мікраарганізмаў кішэчніка, захворванняў печані і нырак.