§ 9-1. Біялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны, алкалоіды, антыбіётыкі

Алкалоіды — прыродныя азотазмяшчальныя арганічныя злучэнні, якія валодаюць выяўленай фізіялагічнай актыўнасцю. Алкалоіды маюць пераважна расліннае паходжанне, але таксама вызначана, што яны сінтэ­зуюцца некаторымі грыбамі і жывёламі. Большасць алкалоідаў ядавітыя для жывёл і чалавека і маюць горкі смак. Лічыцца, што асноўная функцыя гэтых рэчываў у жывых арганізмах — ахоўная. Так, высокае ўтрыманне алкалоідаў у шэрагу раслін ахоўвае іх ад паядання жывёламі, пера­шкаджае развіццю хваробатворных бактэрый і паразітычных грыбоў.

Вядома, што некаторыя алкалоіды ў малых дозах могуць аказваць лячэбнае дзеянне. Адны з іх уплываюць на работу нервовай сістэмы, другія — на тонус крывяносных сасудаў і г. д. Напрыклад, кадэін і марфін выкарыстоўваюцца ў медыцыне ў якасці моцных абязбольвальных сродкаў (аднак іх прыём выклікае наркатычную залежнасць). Атрапін ужываецца для зняцця спазмаў гладкіх мышцаў, кафеін — для стымуляцыі работы нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм пры некаторых хваробах і атручэннях ядамі, якія прыгнятаюць цэнтральную нервовую сістэму (ЦНС).

.