§ 9. Біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны, ферамоны
Ферамоны — біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца з арганізма ў навакольнае асяроддзе і ўплываюць на паводзіны, фізіялагічны стан ці развіццё асобін таго ж віду. Ферамоны выкарыстоўваюцца для пазнавання асобін свайго віду, прыцягнення шлюбных партнёраў, у якасці сігналаў аб небяспецы ці метак, якія паказваюць межы індывідуальнай тэрыторыі, дарогу да дома і г. д. Напрыклад, мурашкі выкарыстоўваюць ферамоны для абазначэння пройдзенага шляху. Па пахкіх метках яны могуць знайсці дарогу да мурашніка або вярнуцца да пакінутай здабычы.
Першы вывучаны ферамон (бамбікол) быў выдзелены з залоз самак тутавага шаўкапрада. Ён здольны прыцягваць самцоў, якія знаходзяцца на адлегласці некалькіх кіламетраў (для пачатку шлюбнага танца дастаткова 10—18 г бамбіколу). Каб атрымаць 4 мг бамбіколу, спатрэбілася 313 000 самак шаўкапрада.
Шмат у якіх відаў жывёл выяўлены так званыя ферамоны трывогі. Яны могуць выклікаць розныя паводзінскія рэакцыі: жывёла можа ўцячы, стаіцца, а некаторыя становяцца агрэсіўнымі і нападаюць на ворага. Напрыклад, пчала, якая джаліць ахвяру, разам з ядам упырсквае ў ранку сумесь ферамонаў, пах якіх падахвочвае іншых пчол накіравацца да месца ўкусу.
Некаторыя ферамоны ўплываюць на індывідуальнае развіццё іншых асобін. Так, асаблівы ферамон, які выдзяляецца пчалінай маткай, прыгнятае палавое развіццё іншых самак, ператвараючы іх у рабочых пчол. Буйныя апалонікі выдзяляюць у ваду рэчывы, якія тармозяць метамарфоз больш дробных сабратаў. Толькі тады, калі буйныя апалонікі ператворацца ў жаб і пакінуць вадаём, дробныя пачынаюць узмоцнена расці і развівацца.
Хімічная камунікацыя з дапамогай ферамонаў выяўлена не толькі ў жывёл, але і ў мікраарганізмаў. Ферамоны, як і гармоны, дзейнічаюць у малых канцэнтрацыях і ўяўляюць сабой сігнальныя рэчывы. Аднак гармоны рэгулююць працэсы жыццядзейнасці ўнутры арганізма, а ферамоны ў якасці хімічных сігналаў перадаюцца іншым асобінам.
*У цяпершні час вывучана некалькі тысяч ферамонаў, многія з якіх сінтэзуюцца штучна. Ферамоны, што прывабліваюць насякомых у спалучэнні з пасткамі, выкарыстоўваюцца для барацьбы са шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі.*
*Вядомыя таксама аламоны і кайрамоны — сігнальныя рэчывы, якія аказваюць ўздзеянне на прадстаўнікоў іншых відаў. Адрозненне паміж гэтымі групамі біялагічна актыўных рэчываў заключаецца ў тым, што дзеянне аламонаў прыносіць карысць арганізму, які іх выдзяляе, а дзеянне кайрамонаў — рэцыпіенту, г. з. атрымальніку хімічнага сігналу.
Аламоны выкарыстоўваюцца арганізмамі для прыцягнення прадстаўнікоў іншых відаў (апыляльнікаў да расліны, ахвяры да драпежніка і г. д.) Або, наадварот, для адпужвання, падаўлення ці знішчэння драпежнікаў, паразітаў і канкурэнтаў. Так, скунс ў выпадку небяспекі выпырсквае ў бок ворага сакрэт сваіх пахкіх залоз, які мае агідны ўстойлівы пах. У некаторых выпадках аламоны прымяняюцца для маскіроўкі (так званай хімічнай мімікрыі). Напрыклад, некаторыя віды матылькоў выбралі цікавую стратэгію размнажэння — іх лічынкі развіваюцца ў мурашніках. Яны «падрабляюць» пах мурашынай царыцы, і працавітыя мурашы пачынаюць старанна выкормліваць гэтых гусеніц.
Кайрамоны могуць прыцягваць да арганізму, які іх выдзяляе, драпежнікаў або паразітаў, выклікаць з'яўленне ахоўных адаптацый у ахвяр і г. д. Так, некаторыя дробныя прэснаводныя драпежнікі выдзяляюць у ваду рэчывы, якія стымулююць рост шыпоў у іх ахвяр — дафній і калаўротак. Калі шчыльнасць драпежнікаў невысокая, шыпы не ўтворацца або будуць кароткімі.*