§ 7. Нуклеінавыя кіслоты. Будова і функцыі ДНК

Функцыі ДНК. У малекулах ДНК закадзіравана інфармацыя пра першасную структуру ўсіх бялкоў таго ці іншага арганізма. Счытванне гэтай інфармацыі з ДНК прыводзіць у канчатковым выніку да сінтэзу бялкоў, г. зн. ДНК забяспечвае захоўванне і рэалізацыю спадчыннай інфармацыі. Перад дзяленнем клеткі малекулы ДНК падвойваюцца. У час дзялення яны размяркоўваюцца паміж даччынымі клеткамі і перадаюць ім спадчынную інфармацыю ад мацярынскай. З курса біялогіі 10-га класа вы ведаеце, што ўсе формы размнажэння арганізмаў ажыццяўляюцца за кошт клетак — саматычных ці спецыялізаваных (спор, гамет). Дзякуючы малекулам ДНК, якія змяшчаюцца ў гэтых клетках, адбываецца перадача генетычнай інфармацыі ад аднаго пакалення да другога.

Такім чынам, функцыямі ДНК з’яўляюцца захоўванне і рэалізацыя спадчыннай інфармацыі арганізма, яе перадача даччыным клеткам пры дзяленні і нашчадкам пры размнажэнні. Іншымі словамі, ДНК уяўляе сабой генетычны матэрыял жывых арганізмаў.

*Малекулы ДНК, якія  змяшчаюцца ў адной саматычнай клетцы чалавека, захоўваюць каля 1,5 гігабайта інфармацыі. Такі аб'ём мог бы заняць амаль 1 млн старонак кнігі фармату А5, надрукаванай шрыфтам 10-га памеру. Аб'ём інфармацыі, што захоўваецца ў ДНК усіх клетак чалавечага арганізма, складае каля 60 млрд тэрабайт (ці 6,6 ∙ 1022 байт)!*