§ 4-1. Функцыі бялкоў

Адной з самых важных функцый бялкоў у жывых арганізмах з'яўляецца каталітычная (ферментатыўная). Ферменты — гэта бялкі, якія паскараюць працяканне біяхімічных рэакцый. У адрозненне ад іншых каталізатараў ферменты валодаюць спецыфічнасцю і актыўна працуюць у параўнальна вузкім дыяпазоне рН, тэмпературы і іншых фактараў. На актыўнасць ферментаў таксама ўплываюць пэўныя рэчывы — актыватары і інгібітары. Ферменты падзяляюцца на шэсць класаў у залежнасці ад тыпу каталізуемай рэакцыі. Акрамя каталітычнай, бялкі выконваюць і іншыя функцыі: структурную, транспартную, скарачальную, рэгулятарную, сігнальную, ахоўную і г. д.