§ 2. Хімічныя злучэнні ў жывых арганізмах. Неарганічныя рэчывы

Самаробны pH-індыкатар

Каб вызначыць кіслотнасць асяроддзя, неабавязкова выкарыстоўваць індыкатары з хімічнай лабараторыі. Вы можаце зрабіць свой уласны рН-індыкатар.

Добрым прыродным індыкатарам з’яўляецца, напрыклад, сок чырвонакачановай капусты. Яго натуральная сіне-фіялетавая афарбоўка (у нейтральным асяроддзі) змяняецца ў залежнасці ад рН наступным чынам:

рН

2

4

6

8

10

12

Колер

чырвоны

пурпурны

фіялетавы

сіні

сіне-зялёны

зялёны

Здрабніце лісты чырвонакачановай капусты і адцадзіце сок. З яго дапамогай можна вызначыць велічыню вадароднага паказчыка розных раствораў.

Падобнымі ўласцівасцямі таксама валодае сок некаторых іншых раслін, напрыклад бурака, вішні, чарніц, вінаграду цёмных сартоў, чорных парэчак, граната, ажын (пры выкарыстанні гэтых сокаў магчыма праяўленне іншых колеравых адценняў). Калі прамачыць атрыманым сокам паперу (лепш за ўсё — фільтравальную), атрымаюцца зручныя для выкарыстання індыкатарныя паперкі.

Паспрабуйце з дапамогай атрыманага індыкатара вызначыць  рН:
– малака;
– чаю;
– воцату;
– нашатырнага спірту;
– сокаў (яблычнага, лімоннага, апельсінавага і інш.);
– мінеральных вод;
– газіраваных напіткаў;
– раствораў соды, мыла, пральнага парашку і г. д.

● Якія рэчывы, што змяшчаюцца ў соку чырвонакачановай капусты і іншых раслін, з’яўляюцца прыроднымі рН-індыкатарамі? Выкарыстайце дадатковую літаратуру ці інтэрнэт-рэсурсы.

 Якімі ўласцівасцямі валодаюць гэтыя рэчывы?

● Якія даследаваныя вамі харчовыя прадукты маюць рН, набліжаны да фізіялагічных значэнняў унутрыклетачнага і пазаклетачнага асяроддзя арганізма?

 Каб палепшыць колер баршчу, у яго дабаўляюць крыху воцату ці лімоннага соку. На чым заснаваны гэты спосаб?