§ 2. Хімічныя злучэнні ў жывых арганізмах. Неарганічныя рэчывы

Кіслотнасць асяроддзя. Магчымасць працякання біяхімічных рэакцый, іх хуткасць і вынік шмат у чым залежаць ад кіслотнасці асяроддзя, г. зн. ад канцэнтрацыі іонаў вадароду (H+). Колькасна гэту велічыню выражаюць пры дапамозе вадароднаго паказчыка рН (пэ-аш).

У водных растворах велічыня рН звычайна прымае значэнні ад 0 да 14. Нейтральнае асяроддзе характарызуецца значэннем рН = 7, у шчолачным асяроддзі рН больш за 7, у кіслым — менш за 7. Чым больш велічыня рН адрозніваецца ад 7, тым больш кіслым або шчолачным з’яўляецца раствор.

У цытаплазме клетак, як правіла, падтрымліваецца нейтральнае або слабашчолачнае асяроддзе (pH = 7,0—7,4). Па-за клеткамі асяроддзе звычайна слабашчолачнае. Напрыклад, у плазме крыві чалавека велічыня pH у норме складае 7,36—7,44. Аднак у розных частках арганізма, у розных біялагічных вадкасцях гэты паказчык можа моцна вар’іраваць.

У страўніку чалавека рэакцыя асяроддзя кіслая, а ў кішэчніку — шчолачная. У здаровых людзей пры нармальным пітным рэжыме і збалансаваным харчаванні pH мачы складае 5—6, але пры цяжкай фізічнай працы ці ўжыванні вялікай колькасці мясной ежы гэты паказчык зніжаецца. Малочна-раслінная дыета, наадварот, прыво­дзіць да таго, што рэакцыя мачы робіцца шчолачнай. *Больш дэталёвая інфармацыя пра велічыні рН у арганізме чалавека змяшчаецца ў табліцы 2.2.*

*Табліца 2.2. Значэнні pH некаторых біялагічных вдкасцей арганізма чалавека

Страўнікавы сок

1,0—2,0

Сакрэт на паверхні скуры (сумесь поту, скурнага сала і інш.)

3,5—6,7

Мача

4,5—8,0

Сліна

7,0—7,8

Сок тонкага кішэчніка

7,2—7,5

Слёзная вадкасць

7,3—7,5

Спіннамазгавая вадкасць (ліквар)

7,35—7,8

Плазма крыві

7,36—7,44

Сок падстраўнікавай залозы

7,5—9,0

Жоўць

8,0—8,5

Змесціва тоўстага кішэчніка

8,5—9,0*