§ 2. Хімічныя злучэнні ў жывых арганізмах. Неарганічныя рэчывы

Неарганічныя (мінеральныя) солі і кіслоты, як і вада, уваходзяць у састаў усіх жывых арганізмаў. Іх агульнае ўтрыманне ў арганізмах параўнальна невялікае і звычайна не перавышае 1—1,5 %, аднак гэтыя рэчывы выконваюць важныя біялагічныя функцыі.

Нерастваральныя солі прымаюць удзел у пабудове розных апорных структур жывых арганізмаў, забяспечваючы іх трываласць. Напрыклад, карбанат кальцыю (CaCO3) з’яўляецца важным кампанентам ракавін малюскаў, панцыраў ракападобных, шкарлупін яек, шкілетаў каралавых паліпаў і інш. Фасфаты кальцыю складаюць аснову міжклетачнага рэчыва касцявой тканкі пазваночных жывёл. Цвёрдасць зубной эмалі абумоўлена наяўнасцю мінеральных солей, у састаў якіх уваходзіць кальцый, магній, фосфар і фтор. Шкілет некаторых пратыстаў утвораны сульфатам стронцыю (SrSО4).

Растваральныя солі пры ўзаемадзеянні з вадой дысацыіруюць, таму ў жывых арганізмах яны змяшчаюцца ў выглядзе іонаў. Утрыманне пэўных катыёнаў і аніёнаў унутры клетак, як правіла, значна адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў пазаклетачным асяроддзі. Так, у клетках назіраецца дастаткова высокая канцэнтрацыя катыёнаў калію (K+) і нізкая — натрыю (Na+), а ў пазаклетачным асяроддзі — наадварот. Прычым утрыманне К+ у клетках і Na+ за іх межамі неаднолькавае. Гэта прыво­дзіць да ўзнікнення рознасці электрычных патэнцыялаў паміж унутраным і знешнім бакамі цытаплазматычнай мембраны, што неабходна для ўзбуджэння клетак, генерацыі і перадачы нервовых імпульсаў.

Запомніць асаблівасць размеркавання іонаў калію і натрыю дапаможа наступная фраза: «Калій ідзе ў Клетку, а НАтрый — НАадварот».

Некаторыя іоны ўваходзяць у састаў ферментаў, вітамінаў і іншых біялагічна актыўных рэчываў. Напрыклад, іон Co+ — структурны элемент вітаміну В12, Mg2+ — хларафілу, Fe2+ уваходзіць у састаў гемаглабіну і г. д. Катыёны Са2+ і Mg2+ уплываюць на актыўнасць шэрага ферментаў і, значыць, адыгрываюць важную ролю ў рэгуляцыі абмена рэчываў.

Іоны  і   з’яўляюцца крыніцамі атамаў азоту, іон   — атамаў серы, якія неабходны аўтатрофным арганізмам для сінтэзу амінакіслот.

* Акрамя таго, сульфат-іоны важныя для абясшкоджвання таксічных рэчываў у арганізме чалавека і жывёл. Далучаючыся да малекул гэтых рэчываў, іоны   павялічваюць іх растваральнасць у вадзе, спрыяючы тым самым вывядзенню з арганізма.*

Неарганічныя кіслоты таксама адыгрываюць важную біялагічную ролю. Напрыклад, саляная кіслата (HCl), якая ўваходзіць у састаў страўнікавага соку пазваночных жывёл, стварае ў страўніку кіслае асяроддзе. Гэта спрыяе знішчэнню хваробатворных мікраарганізмаў і актывацыі ферментаў страўнікавага соку. Астаткі фосфарнай кіслаты ўваходзяць у састаў фосфаліпідаў, нуклеатыдаў, АТФ. Фосфарная і вугальная кіслоты, а таксама аніёны гэтых кіслот удзельнічаюць у падтрыманні пэўнай кіслотнасці ўнутры клетак і ў пазаклетачным асяроддзі.