§ 24-1. Трансляцыя. Выспяванне бялкоў

*Выспяванне бялкоў. Бялкі, утвораныя непасрэдна ў выніку трансляцыі, у большасці выпадкаў не з'яўляюцца спелымі, функцыянальна актыўнымі. Для таго каб яны сталі здольнымі выконваць свае функцыі, патрабуюцца пэўныя змяненні саставу і структуры бялковых малекул. Такія змяненні, якія называюцца выспяваннем бялкоў ці посттрансляцыйнай мадыфікацыяй, ажыццяўляюцца пераважна ў эндаплазматычнай сетцы і комплексе Гольджы.

Як ужо адзначалася, у большасці бялкоў адбываецца адшчапленне N-канцавога астатку метыяніну. Гэта можа адбывацца як ў час трансляцыі, так і пасля яе завяршэння. У ходзе выспявання бялкі набываюць характэрную прасторавую канфігурацыю. Спачатку фарміруецца другасная структура бялковай малекулы, потым трацічная і, калі гэта патрэбна для функцыянавання бялку, чацвярцічная. Многія поліпептыды злучаюцца з пэўнымі рэчывамі небялковай прыроды (прастэтычнымі групамі) — неарганічнымі іонамі, вугляводамі, ліпідамі і інш. Так фарміруюцца складаныя бялкі.

Да амінакіслотных астаткаў некаторых бялкоў далучаюцца тыя ці іншыя функцыянальныя групы: гідраксільнвыя, карбаксільныя, фасфатныя і г. д. Напрыклад, многія бялкі, якія забяспечваюць згусанне крыві, карбаксіліруюцца. Толькі пасля гэтага яны становяцца здольнымі злучацца са сваімі актыватарамі — іонамі Са2+.

Шэраг бялкоў (ферменты лізасом, пепсін, трыпсін, інсулін і інш.) сінтэзуецца ў выглядзе неактыўных папярэднікаў, для пераводу якіх у актыўную форму патрабуецца адшчапленне пэўных поліпептыдных фрагментаў. Так, напрыклад, інсулін утвараецца на рыбасоме ў выглядзе папярэдніка (прэпраінсуліну), які складаецца з 110 амінакіслотных астаткаў. У эндаплазматычнай сетцы спецыяльны фермент адшчапляе ад яго N-канцавы фрагмент з 24 астаткаў амінакіслот. Пры гэтым утвараецца  праінсулін, які транспартуецца ў комплекс Гольджы, дзе падлягае адшчапленню яшчэ аднаго поліпептыднага фрагмента. У выніку фарміруецца ўласна інсулін, малекула якога ўключае 51 амінакіслотны астатак.

Такім чынам, працэсы, якія адбываюцца ў ходзе посттрансляцыйнай мадыфікацыі, забяспечваюць набыццё бялкамі структуры, патрэбнай для выканання імі сваіх біялагічных функцый.*